Навіны

Домік для катоў на Фолюшы высяляюць: больш за 60 жывёл могуць зноў апынуцца на вуліцы

Домік для катоў на Фолюшы высяляюць — гэтым разам канчаткова. Зараз там жыве больш за 60 катоў. Валанцёры грамадскай арганізацыі «Адданае сэрца» шукаюць новае памяшканне — і просяць гродзенцаў дапамагчы ў пошуках.

«Нашым падапечным у колькасці 60+ хвосцікаў няма куды ісці, і ў любы момант нас папросяць пакінуць месца, якое столькі гадоў было выратаваннем», — паведамілі валанцёры на Instagram-старонцы Гродзенскага грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Адданае сэрца».

Домік для катоў на Фолюшы існуе з 2018 года. Ён адкрыўся ў памяшканнях былой медычнай роты. Валанцёры «Адданага сэрца» і іншыя неабыякавыя людзі зрабілі там рамонт, змяшчалі адначасова ад 40 да 60 катоў, рэгулярна куплялі лекі, корм і цацкі для жывёл. Першыя навіны пра высяленне з’явіліся ў 2020 годзе — калі стала вядома, што былую вайсковую частку будуць прадаваць і забудоўваць. Домік пратрымаўся яшчэ чатыры гады. Цяпер валанцёрам трэба шукаць новы прытулак для падапечных. У пачатку 2024 года з такой жа праблемай сутыкнуўся і домік для сабак, які стварыла «Адданае сэрца».

Які дом шукаюць коцікі

Валанцёры адзначаюць, што зараз патрэбна практычная дапамога грамадзян. Пісаць петыцыі або звяртацца ў адміністрацыю не трэба — гэтыя этапы ўжо пройдзены. Неабходна адшукаць і прагледзець магчымыя варыянты памяшканняў.

Каб валанцёры змаглі перавезці падапечных у новы дом, ён павінен адпавядаць пэўным умовам. Трэба, каб памяшканне не ішло пад знос і знаходзілася ў межах горада або непадалёк ад яго. Важна і даступнасць грамадскага транспарту, каб валанцёры і госці маглі дабірацца туды без перашкод.

Побач з новым памяшканнем не павінна быць суседзяў. Плюсам будзе наяўнасць ацяплення або печка, каб катам і валанцёрам было лягчэй перажываць зімы.

Валанцёры дадаюць, што зараз актуальна і ператрымка катоў.

«Мы не ведаем, у якія ўмовы з вашай дапамогай нам удасца перабрацца ў будучыні. Для пухнацікаў пераезд будзе вялізным стрэсам і не факт, што ўсе змогуць змясціцца на новым месцы. Калі вы зможаце даць часовы ці пастаянны прытулак для коціка, вы зробіце неацэнны ўклад у дапамогу», — пішуць прадстаўнікі «Адданага сэрца».

Чытайце таксама: Як дапамагчы бяздомным жывёлам і не нашкодзіць сабе?

Як з закінутага будынка зрабілі дом для дзясяткаў кінутых жывёл

Сённяшняе памяшканне валанцёры арандавалі ў 2015 — яшчэ тры гады спатрэбілася, каб зрабіць рамонт і давесці яго да ладу.

«На дом было выдаткавана столькі рэсурсаў, што другі раз мы гэты подзвіг не правернем», — расказвала адна з валанцёраў.

У памяшканні прадугледзелі чатыры пакоі для камфортнага пражывання каля 40 жывёл. У агульнай зале ёсць домікі, лежакі, цацкі, самаробныя лесвіцы і горкі, якія праектавала адна з валанцёрак.

Ёсць і так званы адаптацыйны пакой — для катоў, якія нядаўна прыбылі ў домік. У лячэбны пакой памяшчалі катоў, якія аднаўляліся пасля аперацый або знаходзіліся на тэрмінальнай стадыі. Увесь час домік існуе на сродкі неабыякавых людзей і валанцёраў.

Вясной 2024 стала зразумела, што «Адданаму сэрцу» прыйдзецца вызваляць памяшканне. Паводле праекта забудовы мікрараёна, на Фолюшы плануюць абсталяваць ландшафтна-рэкрэацыйную зону. Будынкі былой медычнай роты павінны стаць часткай будучага парка з кропкамі для адпачынку і заняткаў спортам.

Чытайце таксама: Супрацоўнік службы адлову ў Гродне скраў мяса, якое прынеслі для бяздомных сабак

Прапанавалі памяшканні ў аварыйным стане

У пачатку чэрвеня 2024 года стала вядома, што «Адданаму сэрцу» прапанавалі новае памяшканне. Яго стан быў вельмі кепскім.

«Домік для катоў пераязджае з Фолюша ў новае трухлявае памяшканне. Старое-старое бярвенне, смальняк, згніло там, дзе працякаў дах», — распавядалі валанцёры ў Instagram.

У выніку валанцёры вырашылі адмовіцца ад прапанаванага памяшкання.

Фота: instagram.com/predannoe
Фота: instagram.com/predannoe

Дзякуючы гарадской адміністрацыі ўдалося агледзець некалькі памяшканняў. Але ніводнае не пасавала: дамы былі або ў аварыйным стане, або на тэрыторыях, якія ў будучыні плануюць забудаваць.

«Мы хочам знайсці месца, з якога не будзе неабходнасці праз пару гадоў у тэрміновым парадку гэтаксама пераязджаць», — пішуць валанцёры.

ГГААЖ «Адданае сэрца» існуе з 2011 года. Гэта некамерцыйная, недзяржаўная арганізацыя. Асноўная мэта — дапамога бяздомным жывёлам, скарачэнне іх ліку шляхам стэрылізацыі, пошук новых гаспадароў, прыцягненне ўвагі грамадства да праблем безнаглядных жывёл і жорсткага стаўлення да іх.

Зоаабаронцы дапамагаюць бяздомным жывёлам за кошт ахвяраванняў. За жывёламі і іх часовымі месцамі жыхарства прыглядаюць валанцёры. Знойдзеных жывёл мыюць, апрацоўваюць ад паразітаў, абследуюць у ветэрынара, і, калі неабходна, лечаць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Будзе капаць на галовы» — што гродзенцы думаюць пра новыя кветкавыя аркі на Савецкай

Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…

24 красавіка 2025

Студэнта з Гродна будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»

Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…

24 красавіка 2025

Цэгла са слядамі пальцаў, найстарэйшая свідравіна Гродна і двор для мерапрыемстваў. Якім стане комплекс былога піўзавода Brovar Hrodna

«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…

24 красавіка 2025

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025