Былы палітзняволены музыкант Ігар Банцэр прайшоў допыт па справе яго затрымання са зброяй у Міністэрстве сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве. Гэта лічыцца працэсуальнымі дзеяннямі дасудовага характару. Ігар не пагадзіўся з выстаўленымі артыкуламі. Ён будзе чакаць выкліку ў суд.
«У паліцыі, у аддзеле па справах адміністрацыйных правапарушэнняў мяне дапытваў паліцэйскі наконт таго, ці здзейсніў я адміністрацыйнае правапарушэнне па чатырох артыкулах КаАП (бо так пракуратура мне панапісвала)», — расказаў Ігар Hrodna.life.
У прысутнасці адваката ён даў тлумачэнні. «Я не пагадзіўся з аніводным артыкулам, па якім мяне абвінавачвае пракуратура, бо я не прыходзіў спецыяльна са сродкамі самаабароны (легальнымі) да іх, каб перашкодзіць у працы Міністэрства. Я паводзіў сябе адэкватна і не здзяйсняў ніякіх агрэсіўных дзеянняў. Я паведаміў ахове пра наяўнасць у мяне сродкаў самаабароны.
Адзінае, што я забыўся (бо было 34 градусы на вуліцы, а ў мяне галава была занятая маімі праблемамі) пра свой стартавы пісталет, які паводле Закону аб агнястрэльнай зброі - не з’яўляецца зброяй".
Адвакат Банцэра склаў хадайніцтва аб забеспячэнні маніторынгу, на якім будзе бачна, што адбывалася ў міністэрстве, і які б пацвярджаў яго версію. Ігару сказалі чакаць выкліку ў суд. Адміністрацыйныя правапарушэнні могуць быць разгледжаныя цягам году ад моманту здзяйснення.
Паводле інфармацыі Банцэра, справу могуць закрыць, калі не знойдуць складу адміністрацыйнага правапарушэння. Або будуць зацягваць працэс.
16 ліпеня ў будынку Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек. Прычына — беларус, у сумцы якога знайшлі нож, газ, тэлескапічную дубінку і зброю. Гэтым беларусам быў Ігар Банцэр. Ахова будынка выклікала паліцыю, на месца таксама прыбыла пажарная служба.
Чытайце таксама: «Я паведаміў пра небяспечныя прадметы». Ігара Банцэра будуць судзіць у Варшаве