Суполка, якая назвала сябе «Белорусы за нравственность», аб’явіла збор подпісаў для звароту да памочніка прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева ў падтрымку Вольгі Бондаравай. Справа тычыцца іску аб абароне рэпутацы, які да Бондаравай накіраваў ТАА «Флагман Мьюзік». Упісаўся за яе і Рыгор Азаронак.
Ліст падпісалі беларусы і грамадзяне Расіі, якія жывуць у Беларусі. У дакуменце — 30 старонак, на якіх аўтары выкрываюць блогераў і артыстаў ТАА «Флагман М’юзік». Сярод іх — Анджэліша — Ангеліна Міхалёва, ДзімДзімыч — Дзмітрый Сіўчык, Улька Пулька — Ульяна Сталярова.
Аўтары звароту выкрываюць іх у падпісках на экстрэмісцкія матэрыялы і супрацоўніцтве, узаемным піяры з артыстамі, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне. Таксама ў звароце апублікаваныя тэксты песень, у якіх ёсць мат, апавяданні пра сэкс і наркотыкі.
«У наш дом, у нашу Саюзную дзяржаву, прыйшла бяда. Усе мы выразна бачым, як на захадзе з малых гадоў перафарматуюць дзіцячую свядомасць, псіхіку, унушаюць, што ЛГБТ, аднаполыя шлюбы, наркотыкі — гэта норма. А ўсе адэкватныя людзі, якія яшчэ ёсць на т. зв. захадзе, пры любой спробе запрацівіцца падвяргаюцца жорсткім пераследам аж да звальненняў, арыштаў і канфіскацыі ў іх дзяцей. Немагчыма паверыць, што тое ж самае дзейства прыйшло ў Беларусь пры папушчальніцтве наглядных органаў».
Заступіліся за Бондараву загадчык аддзела ідэалагічнай работы ЦК КПБ Мікалай Валовіч, Рыгор Азаронак і Ксенія Лебедзева.
«Падчас моцнага грамадскага супраціву супраць разбэшчвання дзяцей гродзенская актывістка Вольга Бондарава таксама размясціла ў сябе ў канале ўзоры творчасці разбэшчвальнікаў, у сувязі з чым кампанія «Флагман М’юзік» падала ў суд іск на яе «аб абароне дзелавой рэпутацыі». Атрымліваецца, прапаганда наркотыкаў, аднаполых шлюбаў, жорсткага стаўлення да немаўлят, алкаголь для непаўналетніх — гэта норма?" — пішуць аўтары.
Гэта другі іск да Вольгі Бондаравай. Першы — ад гродзенскага сайта Grodno.in — удалося вырашыць праз медыятара.