Новы гандлёвы цэнтр побач з OldCity павінны былі пачаць будаваць у 2023 годзе. У ім нават пачалі папярэдні продаж памяшканняў. Але будаўнічая тэхніка на пляцоўцы так і не з’явілася. Цяпер участак зноў спрабуюць прадаць.
Права запраектаваць і ўзвесці будынак на вуліцы Дубко, побач з існуючым ГЦ OldCity, прадаюць з аўкцыёну. Пачатковая цана — 155 900 рублёў. На ўчастку плошчай 1 га ёсць шэраг будынкаў і дрэвы, якія трэба знесці - і за гэта таксама давядзецца заплаціць інвестару. Выдаткі на знос ацанілі ў 437 795,32 рубля. Аўкцыён запланаваны на 20 жніўня.


Участак ужо прадавалі, але інвестар нічога не зрабіў
Упершыню гэты ўчастак пачалі прадаваць у 2020 годзе за значна меншую суму — 13 285 рублёў. Праўда, тады знос існуючых аб’ектаў ацэньвалі ажно ў 1,4 млн. Набыў яго ў выніку ў 2021 годзе гродзенскі бізнесмен, які ў той момант не захацеў апублічваць свайго імя.
Праўда, з таго моманту на ўчастку так нічога і не адбылося. Пры гэтым у 2023 там мела пачацца будаўніцтва трохпавярховага гандлёвага цэнтра на 10 000 кв.м. Тады нават пачалі прадаваць памяшканні ў будучым ГЦ. Праектаваннем займалася кампанія «Европрестиж» Станіслава Сямашкі — уладальніка сеткі гатэляў і нерухомасці ў самым цэнтры Гродна. Але ў выніку будаўніцтва так і не пачалося.

Дубко будуць забудоўваць з абодвух бакоў
Гандлёвы цэнтр OldCity сёлета плануе пашырацца. Дадатковыя плошчы прыбудуюць з боку вуліцы Дубко. Іх таксама планавалі даўно — упершыню пра іх расказалі яшчэ ў 2020 годзе.
На іншым баку вуліцы Дубко таксама рыхтуецца будаўніцтва, пры гэтым яшчэ больш маштабнае. Там запланавана будаўніцтва вялікага квартала шматпавярховых дамоў — да 20 паверхаў. Там таксама спачатку трэба знесці існуючую як гаспадарчую, так і жылую забудову.
У тым самым раёне павінен з’явіцца гарадскі стаматалагічны цэнтр.