Участак на вул. Дубко ў Гродне прадалі з аўкцыёну 8 чэрвеня. Яго прадавалі пад будаўніцтва аб’екта грамадскага прызначэння. Па словах пакупніка, ён плануе пабудаваць гандлёвы цэнтр.

Да аб’ектаў грамадскага прызначэння адносяцца гандлёвыя, адміністрацыйныя, офісныя цэнтры, установы грамадскага харчавання або бытавога абслугоўвання.

Плошча ўчастка склала 1, 0162 га — гэта амаль у два разы менш, чым займае суседні ГЦ «Old City». Права арэнды прадалі на пяць гадоў. Першапачаткова кошт арэнды складаў 13 285 рублёў, на аўкцыёне ён павысіўся да 17 600.

Каб пабудаваць гандлёвы цэнтр, арандатару прыйдзецца спачатку знесці гаражы і склады па зав. Дзяржынскага, 21 і на вул. Дубко. Усяго знясуць дзесяткі пабудоў. Некаторыя будынкі арандуюць пад СТА і шынамантаж. Арганізатар аўкцыёну, «Гродзенскі цэнтр нерухомасці», ацаніў выдаткі на адабранне ўчастка і знос у 1,4 млн рублёў.

Участак купіў гродзенскі бізнесовец, які пажадаў застацца невядомым, паведамляе «Вечерний Гродно». Ён плануе пабудаваць гандлёвы цэнтр, у які збіраецца прыцягнуць арандатараў за кошт мінімальных арэндных ставак. Вышыня будынка не павінна перавышаць 16 метраў - аб’ект будзе чатырох- або пяціпавярховым.