Праект гарадскога стаматалагічнага цэнтра вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Новую паліклініку пабудуюць на Дубко, на захад ад размешчанага там інтэрната для студэнтаў і насупраць ГЦ Old City.

Паліклініка будзе разлічана на 360 наведванняў за змену. Агульная плошча будынка складзе 5241,28 кв. м, будаўнічы аб’ём — 19 807,57 кв. м. Будынак узвядуць на 4 паверхі (13,5 м). Плошча ўчастка паліклінікі - 0,57 га. У праект закладзена паркоўка на 19 машынамесцаў.

Мэтай праекта дэкларуюць паляпшэнне стаматалагічнага абслугоўвання насельніцтва з выкарыстаннем сучасных методык у лячэнні і пратэзаванні зубоў.

стоматологический центр дубко

Хутка пачнуцца грамадскія абмеркаванні праекта. Заўвагі і прапановы (з пазнакай «Грамадскае абмеркаванне») з 31 снежня 2022 па 24 студзеня 2023 можна дачылаць у:

  • Гродзенскі гарвыканкам на адрас: пл. Леніна, 2/1, 230 023, Гродна, або праз e-mail: gorisp@gorod.grodno.by, або праз сервіс «Электронныя звароты» на афіцыйным сайце гарвыканкама grodno.gov.by;
  • Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва (пл. А.Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна, arhitektura@gorod.grodno.by).

Праект экспануюць з 31 снежня 2022 года па 14 студзеня 2023 з 8:00 да 17:00 буднімі днямі ў вестыбюлі ўпраўлення архітэктуры.

Прэзентацыя праекта адбудзецца 12 студзеня 2023 у 15.00 у будынку ўпраўлення архітэктуры, 1 паверх, кабінет № 1.

Колькі каштуе праект

Раней было вядома пра планы пачаць будаўніцтва ў кастрычніку 2023 года. На праектныя працы з гарадскога бюджэту вылучылі 510 тыс. рублёў. Вядома, што ў цэнтры будзе аптэка.

Раней хацелі размясціць на Цітова

Планы пабудаваць стаматалагічны цэнтр у Гродне з’явіліся вясной 2021 года. Тады для яго хацелі рэканструяваць адміністрацыйны будынак па вул. Цітова, 7. Але перадумалі - гэта аказалася даражэй, чым будаваць новы. Да таго ж, у той час ва ўладаў не было грошай.

У траўні 2021 паведамляля, што ў новым цэнтры створаць тэрапеўтычнае, хірургічнае і артапедычнае аддзяленні, зубатэхнічныя лабараторыі, у тым ліку з магчымасцю прымянення лічбавых тэхналогій. Гэта дазволіць аказваць усе неабходныя паслугі ў адным месцы. Таксама ў цэнтры акажуць высокакваліфікаваную дапамогу жыхарам вобласці з найбольш складанымі для дыягностыкі і лячэння паталогіямі.

UPD 13 ліпеня. У ліпені пачалі шукаць субпадрадную арганізацыю на выкананне праектавання вонкавых сетак сувязі, сетак сувязі ўнутраных, лакальных вылічальных сетак, цеплавізійнай сістэмы відэаназірання, сістэмы кантролю і кіравання доступам, электроннай чаргі, дыспетчарызацыі ліфтаў.