Двухпавярховы катэдж на беразе Нёмана па вул. Чырвонафлоцкая, 1 прадаюць у Гродне. У доме два паверхі, пяць пакояў, дызайнерскі рамонт, камін і від на раку. Менавіта ў гэтым катэджы КДБ затрымаў грамадзяніна Польшчы, якога абвінавацілі ў шпіянажы і змясцілі ў СІЗА.

Дом з камінам і дызайнерскім рамонтам

У двухпавярховым доме пяць пакояў. На кожным паверсе ёсць санвузел. Вышыня столі - тры метры. Агульная плошча — 188,8 м², жылая — 126 м². Будынак пабудавалі ў 2011 годзе. У доме дызайнерскі рамонт. Балкон — з вокнамі ў падлогу, паведамляе «Магазин недвижимости».

Дом гатовы да пражывання і прадаецца з мэбляй і бытавой тэхнікай. Ацяпляецца катэдж газавым катлом. У хаце ёсць камін. Плошча зямельнага ўчастка — 10 сотак. Участак асветлены і выбрукаваны тратуарнай пліткай.

Дом знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Кошт — 430 000 $ або 1 114 603 рублёў. Можна патаргавацца.

У доме жыў «шпіён»

Дом па вул.Чырвонафлоцкая, 1 можна пазнаць на кадрах сюжэту ОНТ аб затрыманні грамадзяніна Польшчы, які пражывае ў Гродне. Яго затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы 25 сакавіка 2022 года.

Кадр з сюжэту АНТ. Скрыншот Hrodna.life
Кадр з сюжэту АНТ. Скрыншот Hrodna.life

Тады КДБ таксама абвінаваціў генеральнага консула Польшчы ў Гродне Анджэя Рачкоўскага і консула польскага генконсульства Марціна Хрустэля ў парушэнні беларускага заканадаўства і ў спробах «перашкодзіць правядзенню працэсуальных дзеянняў». Аб дзеяннях польскіх дыпламатаў праінфармавалі МЗС Беларусі.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, затрыманы знаходзіцца ў СІЗА турмы № 1 Гродна на вул. Кірава, 1. Ніякіх следчых дзеянняў не вядзецца. У катэджы жыве яго жонка — яна і прадае дом.

Чытач Hrodna.life спытаў у рыэлтара аб прычынах продажу дома. Ён паведаміў, што ў жыхароў «памяняліся жыццёвыя планы».