На вуліцы Магістральнай замест малапавярховай забудовы і дзіцячага садка хацелі будаваць дом на 10 паверхаў. Але гродзенцы выказаліся супраць і праект не прайшоў грамадскія абмеркаванні. Адпаведную інфармацыю апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Што прапаноўвалі грамадзяне?
На грамадскія абмеркаванні вынеслі праект шматкватэрнага дома на 6−10 паверхаў. Падчас грамадскіх абмеркаванняў, якія адбыліся з 5 па 19 чэрвеня, грамадзяне выслалі шэсць зваротаў.
Іх пытанні тычыліся:
- колькасці парковачных месцаў;
- сучасных дзіцячых і спартовых пляцовак;
- адсутнасці пляцоўкі для выгулу сабак;
- будаўніцтва дзіцячага садка;
- магчымасці панізіць планаваны дом да 5−6 паверхаў;
- колеравага рашэння жылога дома;
- стварэння добраўпарадкаванага сквера (парка).
Пасля грамадскіх абмеркаванняў архітэктурна-горадабудаўнічы савет вырашыў адмяніць існуючую архітэктурна-планіровачную канцэпцыю. Распрацоўшчыку праекта — «Гроднажылбуд» — трэба прапрацаваць варыянты развіцця квартала з улікам меркавання грамадзян.
Чытайце таксама: Пяць слоў, якія вырашылі лёс, або чаму неабходна хадзіць на грамадскія абмеркаванні, каб захаваць Гродна