У Варшаве памерла 18-гадовая Елізавета Брылеўская, якой у траўні 2024 года збіралі грошы на лячэнне. Пра гэта паведаміла дабрачынная ўстанова KinderVita.

Памерла дзяўчына, на лекаванне якой збіралі € 138 000
Елізавета Брылеўская. Крыніца: Instagram/kindervita

Елізавета памерла 27 чэрвеня. Развітанне з ёй у Гродне адбываецца 3 ліпеня з 9:00 да 16:00 на праспекце Касманаўтаў, 74А. У 18:00 пачнецца развітанне ў касцёле ў Радуні (Воранаўскі раён). Яно працягнецца да 4 ліпеня. Пахаваюць Елізавету на новых могілках у Радуні 4 ліпеня ў 16:00.

Сабралі грошы за тыдзень, але хвароба перамагла

У дзяўчыны з 2019 года была анкалагічная хвароба — саркома крыжова-копчыкавай вобласці. У траўні 2024 года для яе арганізавалі збор у € 138,6 тыс. Гэтыя грошы былі патрэбныя для лекавання ў нямецкім шпіталі Шарытэ. Сабраць суму ўдалося за тыдзень.

У Беларусі варыянтаў лекавання ўжо не было, а шэсць цыклаў хіміятэрапіі ў варшаўскім Дзіцячым цэнтры здароўя дзяўчына не змагла цалкам прайсці, бо арганізм быў моцна аслаблены. У пачатку чэрвеня Лізе стала горш і транспарціроўка з Варшавы ў Берлін стала немагчымай.

Сродкі, сабраныя на лячэнне Лізы Брылеўскай, будуць накіраваны на лячэнне іншых падапечных KinderVita.