У Гродне 3 ліпеня адбыўся аўтапарад. Яго прысвяцілі Дню незалежнасці і 80-годдзю вызвалення Мінска ад нацысцкіх войскаў. Hrodna.life паглядзеў, што адбывалася ў цэнтры горада.
Святкаваць Дзень незалежнасці ў Гродне пачалі з ускладання вянкоў да помніка савецкім вайскоўцам і партызанам у парку Жылібера. Потым па вуліцах Сацыялістычнай і Дзяржынскага праехала аўтакалона з грузавымі аўтамабілямі ад раёнаў і прадпрыемстваў Гродзеншчыны.
На аўтамабілях размясцілі чырвоныя транспаранты. На іх былі напісаныя даты вызвалення кожнага раённага цэнтра ў 1944 годзе. Таксама на кожнай машыне прэзентавалі адметнасць раёна. Слонімскі раён хваліўся мясакамбінатам, Дзятлаўскі – санаторыем “Радон”. Воранаўскі прадстаўляла “Воранаўская сельгастэхніка”, а Зэльвенскі – “Ганненскі кірмаш” і Зэльвенскае вадасховішча.









Таксама быў аўтамабіль ад Скідзеля, на якім прэзентавалі Скідзельскі цукровы камбінат. Былі аўтамабілі ад “Гарадзенскага маёнтка “Каробчыцы”” і “Гродна Азот” з “Хімвалакно”.
За аўтакалонай прайшлі па 24 супрацоўнікі ад буйных гродзенскіх прадпрыемстваў: “Гродна Азот”, “ЗОВ Мебель”, “Гроднааблгаз”, “Гродзенскі мясакамбінат” і іншыя.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне абмежавалі рух у Дзень незалежнасці і як вярнуцца дадому пасля салюту












Пасля аўтапараду на плошчы Леніна ўзнагародзілі пасведчаннямі гродзенцаў, якіх унеслі ў Кнігу славы горада Гродна. З прамовамі выступілі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік Лукашэнкі, інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.








