“Малочны Мір” выпусціў марозіва “Active Protein”. Брэнд назваў яго ідэальным дэсертам для тых, хто сочыць за харчаваннем і вядзе здаровы лад жыцця. У дэсерце ў тры разы больш бялку і ў тры разы менш калорый. Яго ўжо можна купіць у фірмовых крамах «Малочнага Міру». Рэдакцыя Hrodna.life праверыла, ці сапраўды яно лепшае, чым звычайнае.

БТВ (баланс бялкоў, тлушчаў і вугляводаў) на 100 грам у новым марозіве:

  • Бялкі – 12 грам,
  • Тлушчы – 3 грамы,
  • Вугляводы – 7 грам.

“Марозіва падобнае да сарбета, мае далікатную тэкстуру і саладкаваты смак БЕЗ цукру ў складзе”, — распавялі ў «Малочным Міры».

Каларыйнасць – 100 ккал на 100 грам. Стваральнікі сцвярджаюць, што ў марозіве няма ГМА, фарбавальнікаў і кансервантаў, а выкарыстоўваюцца толькі натуральныя інгрэдыенты. Замест цукру выкарыстоўвалі сукралозу – штучны падсаладжальнік, харчовы дадатак Е955. У якасці пратэіна ўзялі канцэнтрат сыраватачны бялковы.

Марозіва змясцілі ў зручную ўпакоўку – шклянку з лыжкай унутры. Так яго можна ўзяць з сабой на шпацыр. Каштаваць яно будзе каля 2,5 рублёў. Пакуль ёсць два смакі – ваніль і трускаўкі.

Яно праўда такое добрае?

Параўналі яго са звычайным пламбірам ад “Малочнага Міру”. Мяркуючы па адным з калькулятараў каларыйнасці, у 100 грамах пламбіру — 306 ккал. Пры гэтым БТВ выглядае так:

  • Бялкі – 3.3 грама,
  • Тлушчы – 23.8 грама,
  • Вугляводы – 19.7 грама.

БТВ ў 100 грамах гродзенскага пламбіру “Шайба”, згодна з edostavka.by:

  • Бялкі – 4,
  • Тлушчы – 16,
  • Вугляводы — 29,
  • Энергетычная каштоўнасць – 280 ккал.

Прыкладна столькі ў ванільным пламбіры ў “ГороденЪ” у ражку:

  • Бялкі – 4,5,
  • Тлушчы – 14,
  • Вугляводы — 32,
  • Энергетычная каштоўнасць – 270 ккал.

Гэта значыць, у “Active Protein” сапраўды ў 3-4 разы больш бялку і ў 2,5−3 разы менш калорый.

Дзе купіць пратэінавае марозіва?

Чытачы пішуць у Instagram, што марозіва «Active Protein» ёсць не ва ўсіх фірмовых крамах «Малочнага Миру». Неўзабаве ў сацсетцы выклалі спіс, дзе яго можна купіць у Гродне:

  • “Карона” на вул. Касманаўтаў, 21,
  • “Гарадзенскія прысмакі”, вул. Суворава, 13,
  • “Гарадзенскія прысмакі”, вул. Шчорса, 11Б,
  • “Гарадзенскія прысмакі”, пр. Я. Купалы, 65,
  • “Гарадзенскія прысмакі”, вул. Горкага, 71,
  • “Ваўкавыскі”, вул. Кастрычніцкая, 3,
  • ГД “Баторыя”, вул. Стэфана Баторыя, 10,
  • “Малочны Мір”, вул. Дзяржынскага, 113В,
  • “Малочны Мір”, вул. Гаспадарчая, 28/8,
  • “Малочны Мір”, крыты павільён на рынку “Цэнтральны”,
  • “ГроДар”, вул. Урублеўскага, 44,
  • “ГроДар”, вул. Дамброўскага, 3−1а,
  • “ГроДар”, вулл. Каліноўскага, 63-а,
  • “ГроДар”, вул. Паповіча, 33,
  • “ГроДар”, Фолюш, 15/193, пам. 51,
  • “ГроДар”, Брыкеля, 10.

Калі марозіва з’явіцца не толькі ў фірмовых крамах, не ўдакладнілі. Фірмовыя ж ёсць не ва ўсіх гарадах. Карыстальнікі адзначаюць, што марозіва пасуе дыябетыкам.

Што далей?

У адказ на пытанні чытачоў прадстаўнікі брэнда распавялі, што падумваюць зрабіць аналаг EXPONENTA — гэта серыя кісламалочных напояў з высокім утрыманнем сыроватачных бялкоў ад «Горацкага харчовага камбіната».


“Малочны Мір” – гродзенскае прадпрыемства з філіяламі ў вобласці. Вырабляе малако, вяршкі, кісламалочныя прадукты, сыр, масла, марозіва. Уваходзіць у лік валаўтваральных прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці.

Чытайце таксама: Эскімо, пламбір або фруктовы лёд? Даведайцеся, якое марозіва падыходзіць менавіта вам