Помнік першаму патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту ў Гродне адкрылі 26 траўня на Архіерэйскім падворку на вуліцы Філарэта. Вышыня новага помніка разам з пастаментам — 4,6 м.
Вышыня самога помніка — 3,9 м. Ён выкананы з бронзы, пастамент вышынёй 80 см — з граніту. Скульптар — Павел Лук, удакладнілі на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы. Помнік размясцілі ў двары Епархіяльнага ўпраўлення Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы на вуліцы Мітрапаліта Філарэта, 1. Помнік бачны з вуліцы.



Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (Кірыл Вахрамееў, 1935−2021 гг.) кіраваў Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы 35 гадоў - з 1978 па 2013 гг. Па яго ініцыятыве ён і быў заснаваны. За гэты час у Беларусі з адной да 11 (зараз іх 15) вырасла колькасць праваслаўных епархій, у некалькі разоў павялічылася колькасць праваслаўных прыходаў. У 1996 г. Філарэт заснаваў першую ў Беларусі духоўную акадэмію пры Жыровіцкім мужчынскім манастыры. У 2006 г. атрымаў званне Героя Беларусі. Памёр ад каранавіруса.



Новы помнік адкрылі ў рамках Каложскіх урачыстасцяў, прысвечаных Каложскаму абразу Божай Маці. Яго асвяціў патрыяршы экзарх Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. На ўрачыстасцях прысутнічаў арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній і шэраг іншых праваслаўных іерархаў. Удзельнічаў у адкрыцці помніка і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк.
Яшчэ адзін бюст у Гродне — мітрапаліту, які забараніў уніяцтва
Трыма днямі раней, 23 траўня, на пляцоўцы каля ўваходу ў храм Раства-Багародзічнага жаночага манастыра, якім кіруе ігумення Гаўрыіла (Глухава), адкрылі бюст мітрапаліту Іосіфу (Сямашку). На адкрыцці прысутнічала кіраўніцтва горада. На бюсце змясцілі надпісы «Адрынутыя гвалтам (1596)» і «Уз'яднаныя з любоўю (1839)». Гэта адсылка да падпісання Брэсцкай уніі 1596 года і стварэння ўніяцкай царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, і да пазнейшай яе забароны пасля захопу тэрыторыі сучаснай Беларусі Расійскай імперыяй.

У Гродне ўжо быў бюст Філарэту, вуліца і гімназія
У Гродне ўжо стаяў бюст мітрапаліту Філарэту на тэрыторыі таго ж Раства-Багародзічнага манастыра.
У 2021 годзе частку вуліцы Горкага, на якой знаходзіцца Гродзенскае епархіяльнае ўпраўленне, перайменавалі ў вуліцу Мітрапаліта Філарэта. Тады гараджане былі супраць, але да іх не прыслухаліся. У 2022 годзе па рашэнні Гродзенскага гарвыканкама гродзенскай гімназіі № 10 прысвоілі імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).