Новая мемарыяльная дошка з’явіцца ў Гродне на вуліцы Кірава. Яе павесяць у памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа і загінуўшых на тэрыторыі гродзенскай турмы ў гады Вялікай айчыннай вайны.
Мемарыяльную дошку адкрыюць падчас Фестываля нацыянальных культур, піша «Гродзенская праўда».
Таксама падчас фестывалю пройдзе прэзентацыя кнігі «80 мірных гадоў» аб перыядзе пасля Вялікай айчыннай вайны. У выданні, у тым ліку, прыгадваецца і сам Фестываль нацыянальных культур.
У час фестывалю правядуць дыялогавую пляцоўку «Адзінства народаў - залог Вялікай Перамогі. Беларусь — наш агульны дом». У ёй павінна паўдзельнічаць моладзь розных нацыянальнасцяў і людзі старэйшага пакалення.
Як з’явілася тэма генацыду беларусаў
У красавіку 2021 года генеральны пракурор Андрэй Швед распачаў крымінальную справу аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў перыяд Другой сусветнай вайны. Тады ён патлумачыў, што гэтая справа — адказ на «замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі», які нібыта спансавалі заходнія краіны ў 2020 годзе. Гэтыя ж краіны, на думку Шведа, былі датычныя да «генацыду беларускага народа» ў гады Другой сусветнай і пасляваенны час. У межах справы праводзілі раскопкі на месцах масавых пахаванняў, апытвалі старэйшае пакаленне.
Паняцце генацыду беларускага народа беларускія ўлады пачалі шырока ўжываць улетку 2022 года. Пачалі праводзіць выставы, Андрэй Швед выдаў кнігу. Да расследавання «генацыду беларускага народа» прыцягвалі, у тым ліку, студэнтаў і выкладчыкаў гродзенскага гістфака.
Тады прынялі Закон «Аб генацыдзе беларускага народа», нібыта каб юрыдычна прызнаць генацыд беларусаў, учынены нацысцкімі злачынцамі. Пры гэтым праваабаронцы мяркуюць, што закон фактычна замацоўвае манаполію аўтарытарных беларускіх уладаў на тлумачэнне гісторыі. Ён даў дзяржаве дадатковы карны інструмент у выглядзе крымінальнага пакарання за выказванні меркаванняў, адрозных ад «адзіна слушных» дзяржаўных трактаванняў гісторыі.
Чытайце таксама: У гродзенскай школе з’явяцца стэнды «Трагедыя генацыду беларускага народа»