У Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі 5 траўня адкрылася экспазіцыя на тэму “Генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. У адкрыцці ўдзельнічалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў і начальнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Аляксандр Невяроўскі. Пра гэта расказаў афіцыйны канал Гродзенскага аблвыканкама.
З сабой у Гродна генеральны пракурор захапіў кнігу “Генацыд беларускага народа”. Яна выйшла ў пачатку красавіка пад рэдакцыяй самога Шведа. У кнізе ён сабраў даведачна-аналітычныя і дакументальныя звесткі з крымінальнай справы пра генацыд. Яе з красавіка 2021 года расследуе Генеральная пракуратура.
«У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі мною ўзбуджаная крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі», – казаў у красавіку 2021 Генеральны пракурор Андрэй Швед. Паводле яго слоў, гэта справа – адказ на “замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі», які нібыта спансавалі заходнія краіны ў 2020 годзе. Гэтыя ж краіны, на думку Шведа, былі датычныя да «генацыду беларускага народу» ў гады Другой сусветнай вайны і пасляваенны час.
Чытайце таксама: «Праверылі падручнікі і карты». У польскія школы ў Гродне прыходзіла пракуратура
Тым жа складам чыноўнікі і сілавікі раніцай 5 траўня пасадзілі ў Каложскім парку алею бэзу. Гэта частка міжнароднага праекта “Бэз Перамогі – Сад Міру”.
І пасадка алеі, і адкрыццё выставы прымеркаваныя да Дня Перамогі, які будуць святкаваць у Беларусі 9 траўня.
Глядзіце таксама: Концерт на Кургане Славы и фейерверк. Как в Гродно пройдет 9 мая









