Вулічная кавярня ў французскім стылі адкрыецца проста ў двары Новага замка. Яно будзе працаваць толькі чатыры месяцы ў цёплы сезон — з чэрвеня па верасень.
VB Cafe пачне прымаць гасцей ужо з 1 чэрвеня. Установа на Замкавай, 20 размесціцца на летняй тэрасе каля левага крыла замка.
Паабедаць там не атрымаецца — можна будзе толькі папіць кавы. Таксама будуць іншыя напоі і дэсерты. З фішак рыхтуюць, напрыклад, нестандартныя сіропы — архідэя, суніца, бурбонская ваніль, сметанковы касач.





Кавярня будзе працаваць з 9.00 да 22.00.
Планы адкрыць кафе ў Новым замку былі яшчэ да пандэміі. Раней разглядалі варыянт кафэ ў адным з флігеляў, дзе размяшчаецца архіў.
«Калі не атрымаецца — буду выбіраць, дзе адпачываць»
Гаспадыня кафэ — Віялета Бялко, уладальніца кветкавага бізнесу з аптовым складам у Гродне. Таксама Віялета праводзіць сустрэчы кніжнага клуба, вядзе кулінарны блог.
Падпісаць дамову арэнды для кавярні ў гэтым месцы ёй дапамог муж, расказала Віялета ў сваім Instagram. У рэстаранным бізнэсе для яе гэта першы досвед. Ці будзе працяг праекту, заснавальніца пакуль не вырашыла. Гэта будзе залежаць ад таго, ці спадабаецца, і ці акажацца бізнэс прыбытковым.
«Мы вырашылі адбіцца „малой крывёй“, паспрабаваць, і калі нам спадабаецца, зойдзе, атрымаецца, вам будзе падабацца ў нас у гасцях, мы будзем думаць пра нешта далейшае. Калі не — згарнем усё гэта, і лепш я буду выбіраць, дзе адпачываць — на Мальдывах або ў Дубаі», — распавяла бізнэсвумэн у адной са сторыз.
Чытайце таксама: