Гродзенцы патрабуюць ад чыноўнікаў растлумачыць, куды знік памятны знак, прысвечаны побыту ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі. Ён 30 гадоў вісеў на сцяне Новага замка, а ў красавіку 2024 раптоўна знік. Зварот размясцілі на сайце Petitions.by.

Шыльда Касцюшкі ў Гродне
Мемарыяльная шыльда, якая знікла са сцяны Новага замку. Фота: vedi.by

Подпісы збіраюць да 8 траўня 2024 года. «Мы лічым, што дэмантаж дошкі негатыўна паўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна, абядняе нашую гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і гасціннасці Беларусі», — напісалі аўтары петыцыі.

Яны просяць растлумачыць, куды і чаму знікла памятная дошка, а таксама ў якія тэрміны яе плануюць вярнуць на месца. На думку аўтараў петыцыі, візіт Тадэвуша Касцюшкі - важны момант у гісторыі Новага замка, пра што расказвае кожны экскурсавод Гродна. «Самастойныя ж турысты маглі дзякуючы памятнай дошцы і без экскурсавода даведацца пра гэты адметны факт», — тлумачаць аўтары ў тэксце зварота.

Шыльда Касцюшкі ў Гродне знікла з Новага замка
Месца, дзе была шыльда, прысвечаная Касцюшку.
Крыніца: Facebook Ales Kirkevicz

Што адбылося?

У красавіку 2024 года са сцяны Новага замка знікла памятная дошка ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Дошку ўсталявалі ў 1994 годзе да 200-годдзя паўстання. Шыльда размяшчалася злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысвечана падзеям паўстання 1794 года. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касцюшка. 29 верасня 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746−1817) нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Мерачоўшчыне каля Косава (тады Слонімскі павет, сёння Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, нацыянальны герой Беларусі, ЗША, Літвы і Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі. Удзельнік змагання Рэчы Паспалітай з Расіяй і Прусіяй і вайны за незалежнасць ЗША. Лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі краіны.

Сярод удзельнікаў урачыстага адкрыцця дошкі ў 1994 годзе была першая амбасадарка Польшчы ў незалежнай Беларусі - Альжбета Смулкова.

Чытайце таксама: У Гродне з Новага замка прыбралі мемарыяльную шыльду Касцюшкі