Навіны

«Прыляцела — і адразу паехала ў Беласток». Як беларускамоўная японка шукала беларусаў у Польшчы

Сіёры зайшла, павіталася па-беларуску і пачала рабіць з намі папяровых птушак. Ніхто не заўважыў нічога незвычайнага — яе беларуская мова была без акцэнту і цікавілася яна беларускай культурай і асяроддзем. У канцы яна сказала: «Я прыляцела да вас з Японіі» — і пачаставала нас японскімі цукеркамі.

Карэспандэнтка Hrodna.life пазнаёмілася з беларускамоўнай японкай Сіёры Кіёсава, калі беластоцкія беларусы рыхтаваліся ў хабе «Новая зямля» да гукання вясны.

«Я прыляцела сёння і адразу прыехала ў Беласток, — расказала Сіёры. — Мяне цікавяць беларусы, якія працуюць, стараюцца захаваць сваю культуру, мову, гісторыю. Я была ў Мінску, Вільні, Варшаве — і мне параілі завітаць да Беластока. Сказалі, што тут я змагу знайсці ўсё, чым цікаўлюся».

Сітуацыя ў Беларусі - цікавая з пункту гледжання лінгвістыкі

Адкуль яна так добра ведае беларускую мову? Сіёры кажа, што гэта «не вельмі цікавая гісторыя».

«Спачатку мой навуковы кіраўнік ва ўніверсітэце параіў мне паглядзець на моўную сітуацыю ў Беларусі. Ён мне распавёў пра Беларусь, сказаў што ёсць беларусы і беларуская мова, але не вельмі шмат людзей на ёй там размаўляюць. Гэта вельмі цікавая сітуацыя з пункту гледжання лінгвістыкі».

Сіёры вучылася ва ўніверсітэце Хакаі-Гакуэн (Hokkai Gakuen) у Сапара. Універсітэт заключыў дагавор з мінскім БДУ аб абмене студэнтаў - і ў дзяўчыны атрымалася стажыравацца год у Мінску. Там яна змагла вучыць беларускую мову паралельна з расійскай.

«Падчас стажыроўкі я наведвала шмат беларускіх імпрэз. І мне вельмі спадабаліся людзі i іх крэатыўнасць. Я яшчэ больш зацікавілася беларускай культурай і мовай, стала шмат чытаць. Чатыры гады таму я абараніла сваю доктарскую дысертацыю пра моўную палітыку і моўную сітуацыю ў Беларусі».

У Гродне — прыгожыя касцёл і сінагога

Пасля стажыроўкі Сіёры яшчэ шмат разоў прыязджала ў Беларусь. Яна і зараз ахвотна ўзгадвае Мінск.

«Мне вельмі падабалася „Кнігарня Ў“, але зараз, кажуць, яе ўжо няма. Я вельмі любіла яе наведваць, мне падабаліся імпрэзы ў ёй. Яшчэ мне вельмі падабаецца Вязынка, яна знаходзіцца блізка да Мінска. Я там была некалькі разоў на культурных імпрэзах, вельмі памятаю „Гуканне вясны“».

На «Гуканне» Сіёры акурат і патрапіла ў Беласток. На наступны дзень пасля яе прыезду беларусы ладзілі менавіта гэта свята ў самым цэнтры горада.

Акрамя Мінска і Вязынкі, японка наведвала таксама Віцебск і Гродна. А ў замежжы яна шукала беларусаў, акрамя Беластока, яшчэ ў Вільні.

«У Гародні стары вялікі прыгожы касцёл. Яшчэ паглядзела там сінагогу. І ўвогуле горад вельмі прыгожы. І атмасфера там спакойная. Горад такі еўрапейскі. Мне вельмі спадабаўся».

Японскіх студэнтаў зацікавіла беларуская мова

Сіёры — не адзіная японка, якая цікавіцца беларускай культурай і мовай. Яна два гады выкладае ў прыватным універсітэце Дзёці ў Японіі - там арганізавалі курс па беларускай і польскай мовах.

«Спачатку я думала, што да мяне прыйдуць максімум чалавек дзесяць. Але на мой курс ходзіць каля 30 чалавек. Я здзіўлена, але гэта праўда. Ёсць студэнты, якія хочуць ведаць беларускую мову і хочуць больш ведаць аб беларускай культуры. Таму я зараз шмат чытаю і наведваю беларускіх мясцін, каб адказваць на пытанні сваіх студэнтаў».

Яшчэ ў 2016 Сіёры Кіёсава ў суаўтарстве з дацэнтам БДУ Таццянай Рамзай выпусціла першы падручнік беларускай мовы для японцаў пад назвай «Спрабуйма! Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў».

«Каб маглі жыць, як хочуць»

Сіёры правяла ў Беластоку тры дні, паспела сустрэцца з беларускай меншасцю, пашукаць па горадзе шыльды на беларускай мове, прыняць удзел у культурным жыцці беларускай дыяспары — і паехала на канферэнцыю ў Варшаву.

— Чаго б ты пажадала беларусам, якія жывуць зараз у Беларусі, Сіёры?

— Каб яны маглі жыць, як яны хочуць. Гэта самае галоўнае жаданне.

Таццяна Савіч

Матэрыял падрыхтаваны навучэнкай курса «Медыяшкола 2.0» у Беластоку.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Новыя сцены і жалезная брама. Як зараз выглядае Навагрудскі замак: фота

У Навагрудку завяршаецца пяты этап рэканструкцыі замка. Тут з'явіліся фартыфікацыйныя сцены з высокай металічнай брамай…

4 лістапада 2024

21-гадовага курсанта з Гродна асудзілі на 15 гадоў за «здраду дзяржаве»

Курсанта Акадэміі МУС, 21-гадовага Іллю Нарышкіна, асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага…

4 лістапада 2024

У Гродне прадаюць воданапорную вежу ў новым мікрараёне — там можна адкрыць кафэ

У Гродне на продаж выставілі старую воданапорную вежу ў мікрараёне Фолюш. Паводле ўмоў аўкцыёна, там…

4 лістапада 2024

Выпускніца гродзенскага меда і дзіцячы рэаніматолаг любіць Гродна і хоча спальваць яўрэяў у печах

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг з 3-й мінскай дзіцячай бальніцы публікавала ў Х (Twitter) пасты пра сваю нянавісць да…

4 лістапада 2024

Дзеці па цукеркі не пайшлі, а дарослыя пераапрануліся ў вампіраў. Як адзначылі Хэлоўін у Гродне (нягледзячы на ​​забароны)

Пасля негалоснай забароны на правядзенне свята ў Беларусі буйныя вечарынкі напярэдадні Дня ўсіх святых амаль…

1 лістапада 2024

Былому дырэктару шклозавода «Нёман» далі 12 гадоў калоніі за дзяржздраду

Былога дырэктара шклозавода "Нёман" і дзяржаўнага функцыянера Ігара Бацяна прыгаварылі да 12 гадоў калоніі па…

1 лістапада 2024