Аляксандра Ілюкевіч прыехала з горада Бамберг, што на поўначы Баварыі. 25-гадовая валанцёрка працуе ў Гродне ва Універсітэце Залатога Веку. А яшчэ яна паставіла сабе мэту — вольна размаўляць па-беларуску.

Мосцік да Беларусі

«Усё думала: навошта мне Гродна? Потым даведалася, што тата тут служыў два гады ў арміі. Вось і з’явіўся мосцік паміж мной і гэтым цудоўным горадам», — усміхаецца дзяўчына, апярэджваючы маё пытанне аб тым, чаму прыехала сюды з Германіі. Аказваецца, яна нарадзілася ў Мінску і шэсць год пражыла з бацькамі ў Слуцку. У Аляксандры і зараз там шмат сваякоў.

У 2017 годзе Аляксандра скончыла ўніверсітэт Friedrich-Schiller-Universität у горадзе Ена, вывучала там сацыялогію і культуралогію. Пасля адправілася шукаць сябе, падарожнічаць.

З пажылымі раней не працавала

Паглядзела на workway.info, дзе прапаноўваюць працоўныя месцы. Асабліва цікавіла Беларусь. Праз facebook знайшла прапанову «Трэцяга сектара»: спадабалася апісанне праграмы Універсітэту Залатога Веку.

Чаму валанцёрка з Нямеччыны хоча размаўляць па-беларуску

І вось ужо амаль паўгода, як дзяўчына жыве і працуе ў Гродне: выкладае нямецкую мову сталым людзям, актыўна ўдзельнічае ў Tandem evening in Hrodna (нефармальныя сустрэчы для тых, хто хоча палепшыць сваю замежную мову), наведвае заняткі па беларускай мове.

«Пашанцавала, што мяне абралі! Праект класны: даведваюся штосьці новае пра Беларусь, таму што я ж з Беларусі. Раней працавала з дзецьмі. З дарослымі - у зусім маленькіх групах: выконвалі хатнія заданні з бежанцамі. З людзьмі сталага веку не працавала ніколі», — распавядае валанцёрка.

Беларусь — вялікая вёска? Насамрэч, не

Да гэтага Аляксандра кожныя два-тры гады разам з бацькамі прыязджала на непрацяглы час да сваякоў. Аднойчы заязджалі ў Мірскі замак, у Белавежскую пушчу.

«Беларусь — гэта вялікая вёска, нічога цікавага не адбываецца! Так я думала раней. Але зараз зразумела, што паўсюль — незвычайныя людзі, ініцыятывы, мерапрыемствы».

Беларуская мова — прыярытэт

Пакуль дзяўчына жыла ў Германіі, яе грызла сумленне: навошта вучыць чарговую замежную мову? У школе вывучала іспанскую, французскую, латынь, ва ўніверсітэце — сербскую, нават фінскую пачала вывучаць, грэчаскую — калі была ў Грэцыі. Але беларускай не ведала.

Чаму валанцёрка з Нямеччыны хоча размаўляць па-беларуску«Гэта павінен быць прыярытэт. Плюс яшчэ мой тата дома размаўляе па-беларуску з таго часу, як мы пераехалі ў Нямеччыну. З ім таксама было б цікава нармальна, вольна паразмаўляць. Бабуля беларускамоўная.

Дзесьці з год ужо, як я пачала чытаць на беларускай мове. Бываюць цікавыя сітуацыі - для мяне больш родная мова нямецкая, не руская, і часам складана штосьці патлумачыць, перакласці з нямецкай на рускую. Ва УЗВ слухачы дапамагаюць падабраць слова, і гэта вельмі пацешна".

Аляксандра наведвае заняткі па беларускай мове ва Універсітэце Залатога Веку, займаецца ў рэпетытара, ходзіць на курсы «Мова нанова». Шмат чытае, глядзіць перадачы, фільмы. Вучыла сербскую мову 3,5 гады таму, і тады пазнавала шмат слоў з беларускай мовы, з рускай.

«Я разумею, і досвед паказаў, што ў краіне, дзе гэтая мова цябе не акружае пастаянна, складана вывучыць штосьці, ды і цікавасць знікае. А тут — мерапрыемствы, і ў мяне пастаянна ўзнікаюць ідэі: во, можна пачытаць пра гэта на мове, пра тое! Пастаянна чуеш нешта, слухаеш музыку, глядзіш перадачы. Ёсць такая магчымасць — пахадзіць на заняткі, пазаймацца з рэпетытарам, чаму не?»

Мала сонца і несучасныя вёскі

Аляксандра распавяла, што падабаецца і раздражняе ў Беларусі.

«Мне кожны дзень заўважныя лужыны, не чышчаныя ад снегу дарогі, складана перасоўвацца. На поўначы Баварыі апошнія гады было мала снегу, але чысцяць усё роўна. І вось гэтыя лужыны… Яны замярзаюць, і потым слізка. Вада на дарогах стаіць, мала дзе сцякае.

Шкада, што сонца мала. Да снегу можна прывыкнуць".

Аляксандры вельмі падабаюцца беларускія вёскі, якія адрозніваюцца ад нямецкіх. «У беларускіх вёсачках усё так проста! Няма такіх камунікацый, як у нямецкіх, нейкія несучасныя яны».

Змаганне з пластыкам

Валанцёрка актыўна падтрымлівае экалагічны лад жыцця. Асабліва вядзе барацьбу з пластыкам і цалафанавымі пакункамі: у крамах, на базары.

«Пастаянна хачу данесці, што нават калі гэтыя пакункі бясплатныя, то ўсё роўна не хачу браць, бо яны забруджваюць асяроддзе».

У час вучобы ў Нямеччыне Аляксандра абыходзілася без пакункаў, а тут першыя два месяцы: пастаянныя размовы з прадаўцамі.

"У Нямеччыне ты ідзеш закупляцца са сваёй палатнянай торбачкай. Многія так робяць, і прадаўцы на касах гэта ведаюць, не пхнуць табе вінаград у тры торбы, каб дакладна нічога не вывалілася. У нас усе стараюцца больш звяртаць увагі на тое, што можна абысціся і без цалафанаў".

«Цікава прабіваць талончыкі старадаўнімі аўтаматамі»

З беларускай традыцыйнай ежы Аляксандра не ўсё спрабавала.

«Я не ем жывёльную ежу. Мяснога, рыбнага даўно не ела. Мне падабаецца халва, кукурузныя палачкі. У Беларусі гэтага хапае. Люблю сама гатаваць. Гатую дома вінегрэт, тыя ж дранікі, варэнікі».

Аляксандра любіць перасоўвацца па горадзе пешшу, шпацыраваць без мэты, бо тады можна пабачыць шмат цікавага.

«Мне пашанцавала, што ведаю рускую мову. Столькі цікавых размоў - у транспарце, у аптэках, банках, на пошце, у крамах — не былі б зразумелымі! Для мяне цікава заўсёды прабіваць у транспарце талончыкі гэтымі старадаўнімі аўтаматамі!»

Дзіўна, што мужчыны саступаюць месца

«У Нямеччыне звяртаюць увагу на тое, як выглядае твой транспарт, бо атрымаеш вялікі штраф, калі машына ў дрэнным стане. А ў Беларусі, як мне падаецца, больш звяртаецца ўвага на тое, як ты сам выглядаеш. Што пабітая машына — нармуль».

Дзіўна для дзяўчыны тое, што жанчынам у грамадскім транспарце мужчыны саступаюць месца, бяруць верхняе адзенне, каб павесіць у гардэробе, дапамагаюць паднесці торбачку, заплечнік.

"Мяне гэта раздражняе, таму асабліва звяртаю ўвагу. Нязвыкла. У Германіі твая торба — гэта ТВАЯ торба! Канешне, калі яна вельмі цяжкая, то мужчына дапаможа яе паднесці. Але так, як тут, да цябе чапляцца з гэтым не будуць".

Чаму валанцёрка з Нямеччыны хоча размаўляць па-беларуску

«Хачу заняцца чымсьці пастаянным, што звязвае Беларусь і Нямеччыну»

Пасля заканчэння валанцёрства Аляксандра вяртаецца ў Нямеччыну.

«Улетку планую працаваць па праграме Інстытута Гётэ ў Нямеччыне: там ёсць курсы, куды прыязджаюць падлеткі з розных краін, каб вывучыць мову. Гэткі дзіцячы летнік. А потым… Ізноў жа, незразумела. Я так і жыву: нечакана з’яўляюцца ідэі».

Яна хоча заняцца чымсьці пастаянным, што звязвае Беларусь і Нямеччыну, пабудаваць мосцік для сябе і для іншых праектаў паміж гэтымі краінамі. Кажа, што хацелася б штосьці, звязанае з экалогіяй, гендарам, вегетарыянствам, веганствам.

"А пакуль — Беларусь. Атрымліваю асалоду ад апошніх пяці месяцаў тут. Магчыма, яшчэ атрымаецца вярнуцца.

Дзядуля мой — рускі татарын, у мяне сваякі ў Расіі, у Татарстане. Там я ніколі не была. Магчыма, улетку-увосень я пападарожнічаю".

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life