Новы адміністрацыйна-гандлёвы шматфункцыянальны комплекс плануюць збудаваць у цэнтры Гродна на набярэжнай Нёмана. Ён размесціцца каля існага па адрасе вуліца Завадская, 13.
Зараз будынак знаходзіцца на стадыі праектавання. Абвестка пра пошук дольшчыкаў для будаўніцтва з’явілася на «Куфары». Памяшканні прапануюць адаптаваць пад патрабаванні і тэхналогію працы замоўца. Агульная плошча будынка паводле планаў складзе 900 кв. м. Кошт за кв. м — 6.52 руб. ($ 2).
Будынак плануюць стылізаваць пад гістарычную забудову. З існым бізнес-цэнтрам яго будзе злучаць кароткая крытая галерэя.
Набярэжную ў Гродне чакаюць змены
Конкурс на праект па добраўпарадкаванні набярэжнай Нёмана гарадскія ўлады абвесцілі ў верасні 2023 года. Паводле плана, добраўпарадкаваць плануюць два берагі Нёмана. Правы — ад Новага моста да чыгуначнага моста — 2,5 км. Левы — ад порта да Старога моста — больш за 500 м. Сярод самых папулярных ідэй, якія прапаноўвалі гродзенцы:
- экасцежка, якая б аб’ядноўвала бераг, ваду і выспу;
- пешаходны мост праз Нёман, каб звязаць два берагі;
- стварэнне амфітэатра.
Пераможцам абяцалі грошы, але ніводзін праект, пададзены на конкурс ідэй, не адпавядаў умовам конкурсу.
Частку набярэжнай у рамках свайго праекта плануюць уладкаваць новыя ўладальнікі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі.