Аляксандр Лукашэнка прызначыў у Гродне новага кіраўніка Кастрычніцкага раёна. Ім стаў Андрэй Болтрык. Радыёфізік паводле першай адукацыі, з 2008 года ён працаваў у сферы эканомікі на кіроўчых пасадах. З 2014 года быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта. Аб прызначэнні паведаміў канал аблвыканкама «Пул 4 регион».

Андрэю Болтрыку 44 гады. Нарадзіўся ў Гродне. У 2002 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Радыёфізіка», у 2008 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка». З 2002 па 2008 год працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Пасля кіраваў аддзелам эканомікі Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта, працаваў у камітэце эканомікі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. У 2013−2014 гадах узначальваў камітэт эканомікі.

З 2014 года стаў намеснікам старшыні гарвыканкама — курыраваў пытанні эканомікі, працы і занятасці насельніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, камунальнай маёмасці і прыватызацыі, знешнеэканамічнай дзейнасці.

Папярэдні кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Алег Бялінскі ў лютым 2024 года стаў дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў 29 склікання. На першай сесіі яго абралі старшынёй, пісаў «Гродна Плюс».