Гродна аказаўся другім пасля Мінска ў спісе гарадоў з самай дарагой пасуткавай арэндай жытла. Кошт арэнды кватэры даходзіць да 280−300 рублёў за суткі (€ 80−86).

Топ-3 самых «дарагіх» гарадоў з прыкладамі апартаментаў апублікаваў сайт «Куфар». Так, у цэнтры Гродна, на пешаходнай вуліцы Савецкай здаюць 3-пакаёвую кватэру з магчымасцю размяшчэння васьмі гасцей. Кошт пражывання — 300 рублёў за суткі. Гэта жыллё знаходзіцца ў доме 1950 года пабудовы, з класічным рамонтам і прыгожымі відамі з акна.

Прасторная 4-пакаёвая кватэра на Замкавай абыдзецца крыху танней — «усяго» 280 рублёў за суткі. Праўда, там змогуць жыць толькі тры госці і забаронена размяшчэнне з дзецьмі. Хоць блізкасць да славутасцяў робіць гэты варыянт зручным для турыстаў.

дарагія кватэры ў Гродне
Кватэра на Замкавай. Крыніца: «Куфар»

Столькі ж (280 рублёў) будзе каштаваць 2-пакаёвая кватэра на вуліцы Захарава. Яна разлічана на чацвярых гасцей, браць дзяцей таксама забаронена. У гэтай кватэры сучасны рамонт, у інтэр'еры шмат дрэва. У крокавай даступнасці знаходзіцца вакзал і гарадскія славутасці.

Кватэра на Захарава ў Гродне - арэнда на суткі
Кватэра на Захарава. Крыніца: «Куфар»

У топе-3 вышэйшыя, чым у Гродне, цэны, чакана, толькі ў Мінску. Там 2-пакаёвая «сталінка» ў цэнтры на праспекце Незалежнасці абыдзецца ў 600 рублёў за суткі. На 3-е месца з прыкметным адставаннем трапіў Брэст. Там кошты за суткі дасягаюць 150 рублёў.

Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: кватэра-палац з шахматнай падлогай і круглым ложкам