Пункт пропуску «Шальчынінкай» (з беларускага боку — «Беняконі») на літоўска-беларускай мяжы могуць закрыць у траўні 2024. Гродна тады апынецца яшчэ ў большай ізаляцыі. Пра рызыку закрыцця перадапошняга перахода на мяжы з Літвой расказаў выданню «Камерсант» дырэктар па міжнародных транспартных аперацыях FM Logistic у Расіі Яраслаў Белавусаў.
FM Logistic — буйная міжнародная лагістычная кампанія з сядзібай у Францыі. Працуе на некалькіх кантынентах.
Ужо цяпер час чакання на афармленне грузаперавозак на мяжы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам складае да 2−3 тыдня. Тэрмін чакання ў чарзе ў пунктах пропуску «Каменны Лог-Мядзінінкай» і «Беняконі-Шальчынінкай» на ўезд у Беларусь складае 5−6 дзён, на выезд — каля 20 дзён. У чарзе на адзіным адкрытым для грузавікоў пункце пропуску на беларуска-польскай мяжы «Казловічы-Кукурыкі» на ўезд у Беларусь можна прастаяць 14−17 дзён, на выезд — 1−2 дні, кажа Белавусаў.
Сітуацыя на мяжы адбілася і на цэнах перавозак, якія выраслі на 20% і больш.
Калі «Беняконі» закрыюць, на мяжы Гродзенскай вобласці застанецца толькі адзін дзейсны пункт пропуску — «Каменны Лог» у Ашмянскім раёне.
На наступны дзень, 18 красавіка, урад Літвы паведаміў, што закрываць пункт пропуска ў «Шальчынінкаі» не плануе. Але і адкрываць раней закрытыя пераходы таксама не будзе.
Як расце жалезная заслона паміж Беларуссю і Літвой
З 1 сакавіка 2024 літоўскі бок закрыў два пункты пропуску — найбліжэйшы да Гродна «Райгардас» (з беларускага боку «Прывалка») і «Лаварышкес» («Катлоўка»). На астатніх забаранілі рух на веласіпедах.
Гэта прымусіла змяняць маршруты беларускіх перавозчыкаў і прывяло да росту цэн і часу ў дарозе. Некаторыя спалучэнні, напрыклад з Гродна ў Друскенікі, наогул зніклі. Многія кампаніі прымусова пераарыентаваліся з літоўскага напрамку на польскі. А ў больш напружаны перыяд — перадсвяточны або час доўгіх выхадных ці канікул — на выезд з Беларусі ў Еўрасаюз або вяртанне дадому трэба выдаткаваць не менш за суткі ў чарзе.
Якія яшчэ абмежаванні для беларусаў прыдумалі ў Літве
Літоўскі бок прапануе ўвесці абмежаванні на вываз тавараў з Літвы ў Беларусь для прыватных асоб. Максімальную суму, на якую беларусы змаглі б вывозіць тавары з Літвы для асабістых патрэб, варта абмежаваць да € 100, лічыць віцэ-прэзідэнт Віленскай гандлёва-прамыслова-рамеснай палаты Кястуціс Чарняцкас. Некаторыя літоўскія чыноўнікі лічаць, што праз тавары для асабістага карыстання Беларусь можа абыходзіць санкцыі і нават дапамагаць іх абыходзіць Расіі.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прапануе таксама забараніць беларускім грамадзянам, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве, ездзіць у Беларусь, акрамя выключных выпадкаў. Інакш прапануюць ануляваць ВНЖ. Аргументуюць гэта тым, што беларусы, якія часта наведваюць радзіму, напрыклад, эканамічныя мігранты, могуць стаць мэтай лукашэнкаўскіх спецслубаў.
Прапанова абмежаванняў на паездкі дадому пакуль не атрымала шырокай падтрымкі ў Сейме. Офіс Святланы Ціханоўскай ужо выказаўся пра тое, што гэта будзе неапраўданае пакаранне для простых беларусаў, якія ездзяць на радзіму наведаць сяброў і сваякоў.
Закрыццё межаў у Літве падтрымліваюць не ўсе
Абмежаванні на літоўска-беларускай мяжы падабаюцца не ўсім. У сакавіку 2024 грамадзянін Літвы Эдуардас Ёніс стварыў петыцыю да ўладаў з патрабаваннем забяспечыць магчымасць хутка і камфортна перасякаць мяжу з Беларуссю. Зварот падпісала 1618 чалавек. Уплыву на сітуацыю на мяжы ён не меў.