Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прапануе забараніць беларускім грамадзянам, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве, ездзіць у Беларусь, акрамя выключных выпадкаў. Якіх — пакуль невядома. Пры незахаванні абмежаванняў прапануюць ануляваць ВНЖ.

Рэакцыя палітыкаў на прапанову падзялілася, піша LRT. Адны лічаць, што павінны быць выключэнні, іншыя — што беларусам з ВНЖ Літвы, якія ўяўляюць пагрозу для яе, не месца ў краіне наогул. Адзін з чыноўнікаў прапанаваў дазволіць беларусам, якія жывуць у Літве, ездзіць у Беларусь раз на квартал. Іншы лічыць, што выключэнне трэба зрабіць для сектара лагістыкі.

Прапанова Дэпартамента бяспекі - неапраўданае пакаранне для простых беларусаў, якія ездзяць на радзіму наведаць сяброў і сваякоў, сказалі ў офісе Святланы Ціханоўскай.

«Пытанне ў тым, ці ёсць прапанова для тых людзей, у якіх у Беларусі хворыя бацькі ці сваякі. Ёсць і іншы варыянт — выдаваць шэнгенскія візы для членаў сям'і, але ці трэба нам гэта?» — сказаў палітолаг Віціс Юрконіс.

Сем разоў на год — часта?

Паводле палітыкаў, закрыццё чатырох з шасці пагранпераходаў не зменшыла колькасці паездак у Літву. Зараз там жыве 60 000 беларусаў. Некаторыя з іх вяртаюцца ў Беларусь да сямі разоў за год. Паводле дадзеных Дэпартамента дзяржбяспекі, большасць — эканамічныя мігранты. Тыя, хто часта ездзіць дадому, з’яўляюцца мішэнню для беларускіх спецслужбаў, таму нават некалькі паездак за год могуць быць небяспечныя, лічаць там.

Прапанова такіх абмежаванняў пакуль не атрымала шырокай падтрымкі ў Сейме.

Іншыя магчымыя абмежаванні

Нядаўна ў Сейме Літвы зарэгістравалі папраўку, у якой прапануюць ануляваць ВНЖ расіянам і беларусам, калі тыя ездзяць на радзіму часцей, чым раз на месяц на працягу апошніх 12 месяцаў. У дакуменце адзначана, што сярод такіх грамадзян ёсць тыя, хто атрымаў ВНЖ па гуманітарных прычынах, пісала «Зеркало». Таксама ануляваць ВНЖ прапануюць, калі грамадзяне Беларусі ці Расіі ў Літве наўмысна і сістэматычна публічна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, якая супярэчыць інтарэсам грамадства ці дзяржавы.

Таксама гучаць прапановы ўвесці абмежаванні на вываз тавараў з Літвы ў Беларусь для прыватных асоб. Некаторыя літоўскія чыноўнікі лічаць, што праз тавары для асабістага карыстання Беларусь можа абыходзіць санкцыі і нават дапамагаць іх абыходзіць Расіі. Максімальную суму, на якую беларусы змаглі б вывозіць тавары з Літвы для прыватных патрэб, прапануюць абмежаваць да € 100.