У Літве збіраюць подпісы за забеспячэнне свабоднага перамяшчэння праз мяжу з Беларуссю. Аўтары петыцыі лічаць, што зараз перасячэнне мяжы паміж краінамі нагадвае катаванне. За суткі петыцыю падпісалі больш за 600 чалавек.

Петыцыя накіравана да Сейма і ўрада Літвы. Яе аўтар Эдуардас Ёніс прапануе сем пунктаў, на якія літоўскія чыноўнікі мусяць звярнуць увагу, каб палепшыць сітуацыю на мяжы.

  • Неадкладна забяспечыць плаўны рух па астатніх пунктах, каб перасячэнне мяжы не ператварылася ў прыніжэнне годнасці людзей і фізічныя катаванні. Максімум 2−3 гадзіны, у экстраных выпадках;
  • пры ўездзе на памежны пункт адмяніць чаканне ў агульнай чарзе аўтамабіляў у «чырвоны» і «зялёны» калідор;
  • дазволіць перасячэнне мяжы на ровары і пешшу, забяспечваючы цывілізаваныя месцы чакання, а не пад дажджом каля шлагбаума;
  • арганізаваць дастатковую колькасць рэйсавых аўтобусаў і іх праезд без чаргі;
  • у месцах усіх раней закрытых пунктаў адкрыць пасты спрошчанага перамяшчэння для мясцовых жыхароў, якім неабходна рэгулярна перасякаць мяжу па важных прычынах (праца, вучоба, блізкія сваякі, лячэнне і г. д.);
  • барацьба з кантрабандай, асобамі, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы, і гэтак далей, ажыццяўляць прамую барацьбу з гэтай пагрозай, а не ў шкоду інтарэсам і правам іншых грамадзян;
  • калі вы [літоўскія палітыкі - Hrodna.life] не можаце працаваць, не губляючы пры гэтым грамадскіх інтарэсаў і правоў, сыходзьце ў адстаўку і пакіньце месца тым, хто здольны.

Эдуардас Ёніс звяртае ўвагу, што закрыццё пунктаў пропуску на мяжы закранае інтарэсы жыхароў памежжа, але пры гэтым не было ніякага папярэдняга абмеркавання з імі.

Што стала прычынай для петыцыі

З 18 жніўня 2023 года Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумскас» («Лоша» ў Беларусі) і «Твярачус» («Відзы»). З 1 сакавіка 2024 года Літва закрыла два пункты пропуску — «Райгардас» (з беларускага боку «Прывалка») і «Лаварышкес» (з беларускага боку «Катлоўка»).

Зараз працуюць толькі два пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы — «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай». Але іх нельга перасекчы на веласіпедах і пешшу. Прычына для закрыцця пунктаў пропуску — павялічэнне плыні тавараў, транспарту і людзей праз Літву, з-за закрытых пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай і Латвіяй. Маўляў, неабходныя вялікія рэсурсы для кантролю патокаў, прадухілення кантрабанды, забеспячэння міжнародных санкцый і зніжэння рызык бяспекі дарожнага руху.

Чытайце таксама: З 1 сакавіка Літва закрывае яшчэ два пункты пропуску