Пра сустрэчу з палітзняволеным журналістам Пачобутам кіраўніца забароненага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс расказала на прыёме ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды 15 красавіка, падзялілася прэс-служба Дуды.
Анджэй Пачобут зняволены ў наваполацкай папраўчай калоніі. Яму прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі. Сустрэча адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі. Калі гэта было, не ўдакладняюць.
На сустрэчы ў прэзідэнцкім палацы прысутнічалі Анджэй Дэра, дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра, Мікалай Фалькоўскі, старшыня праўлення фонду «Дапамога палякам на Усходзе» і прадстаўнік праўлення Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі.
Хто такія Борыс і Пачобут
Гродзенскага журналіста і аднаго з лідэраў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года па так званай «справе палякаў». Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыях, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Прысуд яму вынеслі 8 лютага 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе. Анджэя абвінавацілі паводле арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і ст. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці». Судовыя пасяджэнні былі закрытымі. Праз два дні пасля вынясення прысуду — 10 лютага — Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы.
Старшыню непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі ў 2021 годзе па той жа справе і выпусцілі з турмы 25 сакавіка 2022 г. пасля года зняволення. З просьбай вызваліць дачку да Лукашэнкі звярнулася маці Анжалікі Борыс. Ёй змянілі меру ўтрымання і вывезлі пад Адэльск да маці. Васкрасенскі заяўляў, што гэта вынік «эфектыўнага ўзаемадзеяння дыпламатаў дзвюх краін». Борыс забаранілі камунікаваць. Вядома, што ў заключэнні ў Борыс моцна пагоршылася здароўе. Пасля гэтага яна не з’яўлялася ў публічнай прасторы. У красавіку 2023 г. стала вядома пра спыненне крымінальнай справы супраць яе — за два гады не знайшлі складу злачынства.
Трох іншых фігурантак «справы палякаў» вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Гэта Ганна Панішава і прадстаўніцы грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэна Бярнацкая і Марына Цішкоўская. Перад гэтым ім далі падпісаць дакументы аб змене меры стрымання. Праз гэта яны не могуць легальна вярнуцца ў Беларусь.