Абмежаванні на вываз тавараў з Літвы ў Беларусь для прыватных асоб прапануе ўвесці ўжо літоўскі бок. Некаторыя літоўскія чыноўнікі лічаць, што праз тавары для асабістага карыстання Беларусь можа абыходзіць санкцыі і нават дапамагаць іх абыходзіць Расіі.
Максімальную суму, на якую беларусы змаглі б вывозіць тавары з Літвы для прыватных патрэб, варта абмежаваць да € 100, прапануе віцэ-прэзідэнт Віленскай гандлёва-прамыслова-рамеснай палаты Кястуціс Чарняцкас. Кожная краіна Еўрасаюза магла б увесці абмежаванне на вываз тавараў і на турызм, але пакуль гэта можа зрабіць Літва, прыводзіць яго меркаванне Delfi.lt.
З 1 красавіка пачалі дзейнічаць уведзеныя Беларуссю «контрсанкцыі» на многія прадукты і тавары, вырабленыя ў Літве, або якія ўвозяць праз яе. Абмежаванні Беларусі не распаўсюджваюцца на ўвоз тавараў грамадзянамі для асабістага карыстання. Беларускія аўтобусы працягваюць ездзіць у шоп-туры. Сама Беларусь вывозіць з Літвы ў вялікай колькасці нятканыя матэрыялы і пластык.
Аб абмежаванні вывазу некаторых тавараў павінен заявіць і ўрад Літвы, перакананы Чарняцкас. Хаця Беларусь не прымае літоўскія тавары, жыхары прывозяць іх самі, і некаторыя тавары потым трапляюць у Расію.
Літоўскі бізнес сам шукае, як абысці абмежаванні
Літоўскія перавозчыкі ўжо знайшлі для сябе рашэнне пасля забароны Беларусі. Яны будуць вазіць тавары праз іншыя краіны. Выдаткі на перавозку вырастуць, але эканоміка Літвы не будзе закранутая.
З прапановай Чарняцкаса абмяжоўваць пакупкі беларусаў у Літве згодны не ўсе. Выезды прыватных асоб могуць мець карысць у будучыні, бо падчас іх беларусы будуць бачыць, як людзі жывуць на Захадзе, лічыць эканаміст банка Luminor Жыгімантас Маўрыцас. Цяпер гандлёвыя сувязі паміж Літвой і Беларуссю мінімальныя. Пры прыватных пакупках папаўняецца бюджэт Літвы, а не Беларусі, лічыць ён.
Чытайце таксама: У Літве патрабуюць «свабоднага перасоўвання» праз мяжу з Беларуссю
Як змяніліся паездкі беларусаў у Літву
У 2023 годзе ў Літву прыехалі 24 285 аўтобусаў і мікрааўтобусаў на беларускіх нумарах, распавёў прэс-сакратар Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс. У студзені 2024 года іх было 2337, у лютым — 1992, да 18 сакавіка — 742. Па прагнозах ведамства, агульная колькасць за сакавік упадзе.
У апошні час менш людзей прыязджае па пакупкі, распавёў Гедрус Мішуціс. Зараз часцей прыязджаюць тыя, хто едзе на заробкі ў краіны Еўрасаюза праз Літву, у тым ліку тыя, хто едзе ў Віленскі аэрапорт на рэйсы за мяжу.
Змены ў статыстыцы могуць быць звязаны з закрыццём яшчэ двух пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы з 1 сакавіка. Таксама Літва абмежавала колькасць дазволаў для фірм-перавозчыкаў людзей.
Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству