На вуліцы Вялікай Траецкай, 28 у Гродне прадаюць кватэру, у якой жыў пісьменнік Васіль Быкаў. За трохпакаёвую кватэру плошчай 59,9 кв.м хочуць $ 65 тыс.

“У самым цэнтры горада, на вул. Вялікая Траецкая, дом 28 у цагляным трохпавярховым доме 1958 года пабудовы, на высокім першым паверсе прапануецца трохпакаёвая кватэра. У гэтай кватэры жыў вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў”, — напісана ў аб’яве.
Жылая плошча кватэры – 40,8 кв.м, з іх зала – 15,7 кв.м, спальныя пакоі – 14 кв.м і 11,1 кв.м. Кухня займае – 6,2 кв.м, а калідор – 8,4 кв.м. Ванны пакой і прыбіральня раздзельныя, а вышыня сцен у кватэры больш за тры метры.
У доме і ў пад’ездзе выкананы капітальны рамонт. Дзверы ў кватэру металічныя. У адным са спальных пакояў ёсць гардэробная. Вокны – шклопакеты, падлога – ламінат, дошкі, лінолеум, плітка і ДВП. Столі нацягнутыя, закладзеныя стольнымі плітамі і пабеленыя.
“Кватэра вельмі светлая, цёплая, утульная, з жылым рамонтам, з добрай энергетыкай. Суседзі – інтэлігентныя добразычлівыя людзі”, — напісана ў аб’яве. Побач з домам ёсць парковачныя месцы. У двары спакойна і ёсць дзіцячая пляцоўка.





Якія творы тут пісаў Быкаў
Гэта першая гродзенская кватэра, у якой жыў Васіль Быкаў пасля канчатковай дэмабілізацыі ў 1955 годзе (у гродзенскі перыяд 1947-1949 Быкаў жыў на здымных пакоях у тым ліку ў Занёманскай частцы горада). На Вялікай Траецкай ён напісаў творы «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Дарога дадому», «Салдацкі лёс», «Ранак-світанак», «Сваякі», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост», «Круты бераг ракі».
Мясцовыя сцвярджаюць, што былыя жыхары пасадзілі ў двары сад, сярод якога ёсць дрэвы, якія саджаў Быкаў. Паводле аўтабіяграфіі Быкава “Доўгая дарога дадому” ў гэтай кватэры неаднаразова былі ў гасцях і іншыя творцы, у тым ліку пісьменнік Аляксей Карпюк.
Быкаву білі вокны і не давалі спаць
Таксама ў перыяд жыцця ў гэтай кватэры Васіля Быкава “тэрарызавалі” за нібыта “падрыўную” дзейнасць супраць савецкай улады: тэлефанавалі па начах і білі вокны.
“Дома, на Кашавога [сучасная Вялікая Траецкая – Hrodna.life], яшчэ было не позна, бліскаў тэлевізар, і раптам — удар у акно, шыбіна — у аскепкі, на падлозе кавалак цагліны. Я выбег на вуліцу — нідзе нікога. Назаўтра пасля невясёлага роздуму пайшоў у міліцыю, напісаў заяву”, — узгадваў Васіль Быкаў.
Чытайце таксама: Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка


