У топе-10 гарадоў Беларусі па колькасці насельніцтва на пачатак 2024 года Гродна заняў трэцяе месца. Зараз у горадзе жыве 361 115 чалавек. Усяго ж насельніцтва Беларусі за год зменшылася на 54 907 чалавек.
Год таму Гродна займаў чацвёртае месца ў краіне па колькасці насельніцтва. Вось як выглядае рэйтынг гарадоў па колькасці жыхароў на 1 студзеня 2024 года:
- Мінск — 1 992 862.
- Гомель — 501 102.
- Гродна — 361 115.
- Віцебск — 358 395.
- Магілёў — 353 110.
- Брэст — 344 470.
- Бабруйск — 207 351.
- Баранавічы — 171 361.
- Барысаў — 135 696.
- Пінск — 124 295.
Беларусы мігруюць на захад?
Гродна, Брэст і Ліда — гарады, дзе назіраецца прырост насельніцтва. У Гродне колькасць насельніцтва за год вырасла на 2398 чалавек. Пры гэтым за шэсць гадоў народжаных толькі ў Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтры стала менш амаль на 20%. У 2023 годзе ў перынатальным цэнтры нарадзіліся 2875 дзяцей.
У Брэсце насельніцтва вырасла на 2009, у Лідзе за год стала больш на аднаго чалавека. Ва ўсіх астатніх буйных гарадах Беларусі, нават у Мінску, назіраецца скарачэнне колькасці насельніцтва. У Беларусі колькасць жыхароў стабільна падае з 1994 года і зараз складае 9 200 617 чалавек. У 1994 годзе ў краіне жыло 10 243 506 чалавек, і да гэтага насельніцтва расло.
Гродна — горад для жыцця
Некалькі гадоў Гродна застаецца ў топе найлепшых гарадоў для жыцця па выніках даследавання «Цэнтра новых ідэй». Па выніках 2022 года Гродна ўтрымліваў другое месца сярод гарадоў Беларусі з найбольш устойлівым і пры гэтым дынамічным жыццём. Праўда, вылецеў з дзясяткі гарадоў з найлепшай эканамічнай сітуацыяй і патрапіў у антылідэры краіны па рэпрэсіям у дачыненні гараджан. Жыхары Гродна лепш за ўсіх у Беларусі ведаюць англійскую мову.