Мясцовыя ўлады паставілі задачу затрымаць турыстаў у Лідзе хаця б на суткі. Для гэтага там плануюць стварыць пашпарт турыста, ажывіць вуліцу каля замка і развіваць гастраіндустрыю. Тэлеканал «Беларусь 4. Гродна» распавёў, як у Ліду плануюць прыцягваць турыстаў.
Асноўная турыстычная кропка ў Гродзенскай вобласці - Гродна. Туды турысты прыязджаюць у сярэднім на тры дні. Таксама турысты наведваюць Навагрудак і Ліду, але звычайна там не затрымліваюцца даўжэй, чым на некалькі гадзін, і працягваюць маршрут у іншыя месцы. Адсюль у лідскіх уладаў і з’явілася ідэя развіваць інфраструктуру, каб затрымліваць турыстаў.
Ажывяць пешаходную вуліцу і раздадуць турыстам пашпарты
У 2024 годзе ў Лідзе плануюць стварыць пашпарт турыста. Ён будзе падобны да таго, які ў 2018 годзе прэзентавалі ў Гродзенскай вобласці. Тады выдалі друкаваныя буклеты з інфармацыяй аб гасцініцах, аграсядзібах, хостэлах, славутасцях, кавярнях і рэстаранах на англійскай, польскай і рускай мовах. Яны сапраўды вонкава выглядалі як пашпарты.
Атрымаць такі пашпарт турыст зможа бясплатна ў турыстычных аб’ектах. Плануецца, што з гэтым буклетам турыст будзе мець невялікую зніжку ў выбраных месцах.
Летась побач з замкам у Лідзе стварылі пешаходную вуліцу. У 2024 годзе гэтую вуліцу плануюць «ажывіць». Таксама ў горадзе разнастаілі віды турызму і паклапаціліся пра ўмовы пражывання і харчавання гасцей.
«Мы сёння можам прапанаваць гасцям неблагі прамысловы турызм, праехаць па святынях лідскага рэгіёна і ў цэлым затрымацца на суткі ў нас, — сказаў старшыня Лідскага гарвыканкама Сяргей Ложэчнік. — Ужо ў гэтым сезоне будуць з’яўляцца новыя рэстараны, кавярні нейкія».
У Лідскім замку арганізуюць «археалагічныя раскопкі»
Лідскі гісторыка-мастацкі музей, у склад якога ўваходзяць таксама экспазіцыі ў замку і доме Валянціна Таўлая, летась наведалі 123 тыс. турыстаў і экскурсантаў. Супрацоўнікі замка лічаць, што сучасных гасцей не прыцягнеш некалькі разоў аднымі і тымі ж выставамі. Таму ў вясенне-летні перыяд на тэрыторыі замка плануюць арганізаваць пляцоўку для імправізаваных археалагічных раскопак.
«Госці могуць адчуць сябе археолагамі […] Паводле ўсіх стандартаў археалагічных раскопак, у пальчатках, з пэндзлямі, людзі праводзяць раскопкі і абмяркоўваюць, што гэта такое», — сказала загадчыца экспазіцыйна-выставачнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганна Некрашэвіч.
Чытайце таксама: У вёсцы пад Лідай з’явіцца гасцініца з нумарам люкс
Адкрылі турыстычны цэнтр і будуць ствараць кластар
У кастрычніку 2023 года ў Лідзе адкрылі турысцка-інфармацыйны цэнтр. У планах стварыць кластар, які аб’яднае зацікаўленыя арганізацыі, якія аказваюць паслугі ў турыстычнай сферы. Таксама ў горадзе плануюць наладзіць рэгіянальнае супрацоўніцтва з іншымі турыстычнымі цэнтрамі Прынёмання.