На тэрыторыі Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы збіраюцца пабудаваць новы, пяты корпус, і рэканструяваць трэці. Абновяць і абсталяванне.

У новы будынак перамесцяць адно з педыятрычных аддзяленняў з трэцяга корпуса бальніцы і дзіцячае гнойнае лор-аддзяленне з Гродзенскай універсітэцкай клінікі, расказаў галоўны ўрач дзіцячай бальніцы Аляксандр Козіч для «Вечернего Гродно».

Новае лор-аддзяленне ў дзіцячай бальніцы будзе разлічана на 40 ложкаў. Яно дапаможа зэканоміць час: у выпадках, калі неабходна аперацыя, патрэбна і кансультацыя педыятра. У дзіцячай бальніцы яны працуюць кругласутачна без выхадных.

Месца для будаўніцтва новага корпуса ўжо вызначылі. Працы плануюць пачаць у канцы 2024 — пачатку 2025 года. Праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва распрацоўваюць у рамках абласной інвестыцыйнай праграмы на 2024 год.

У трэцім корпусе ў палатах будуць душавыя

Трэці корпус дзіцячай бальніцы — адзін з самых старых на тэрыторыі - рэканструююць. Ён быў пабудаваны ў 1981 годзе і не адпавядае сучасным санітарным нормам. Работы пачнуць, калі ўвядуць у эксплуатацыю новы корпус. Пасля рэканструкцыі ў трэцім корпусе застанецца два педыятрычныя аддзяленні замест трох. У кожнай палаце абсталююць санвузел і душавую, а самі палаты стануць больш свабоднымі. У корпусе прадугледзяць і палаты падвышанай камфортнасці.

Абновяць абсталяванне

Акрамя таго, у 2024 годзе для бальніцы збіраюцца купіць новую рэтынальную камеру для лазернай карэкцыі зроку ў неданошаных дзяцей. Таксама ў 2024−2025 купяць новыя тамографы, бо старое абсталяванне з 2014 года фізічна і маральна знасілася.

Чытайце таксама: Для гродзенскай бальніцы закупляюць абсталяванне для фізіятэрапіі

Зараз дзіцячая бальніца займае 4 лячэбныя карпусы і 5 гаспадарчых будынкаў. Бальніца разлічана на 384 ложкі. У яе ўваходзіць 10 стацыянарных аддзяленняў: два аддзяленні рэанімацыі (для немаўлят і аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі для дзяцей старэйшых за два месяцы), аддзяленне выходжвання немаўлят і неданошаных на 40 ложкаў, неўралагічнае, траўматолага-артапедычнае, два хірургічных і тры педыятрычных аддзяленні. Ёсць таксама восем параклінічных падраздзяленняў, у тым ліку лабараторыя, аптэка і іншыя. Бальніца на 99% укамплектаваная дактарамі і на 92% - памочнікамі дактароў, медсёстрамі, лабарантамі.

Чытайце таксама: