Працягласць новага гарадскога веламаршруту будзе 18 км. У ДАІ плануюць у 59 месцах занізіць бардзюрны камень.

Адзіны маршрут працягнецца ад вуліцы Багушэвіча да Санаторнай, расказаў начальнік Упраўлення ДАІ Гродзенскага аблвыканкама Генадзь Бяляўскі на «Гродна Плюс».

На гэты момант у Гродне абсталявана 58 км веласіпедных дарожак, ёсць 11 велапераездаў, у некаторых месцах паніжаны бартавы камень і ўстаноўлены абмежавальныя слупкі.

Да прымусовай ліквідацыі ў 2021 годзе над паляпшэннем велаінфраструктуры горада сумесна з чыноўнікамі сістэмна працавала грамадскае аб’яднанне «ВелаГродна». У снежні 2017 у Гродзенскім гарвыканкаме была створана Рада па развіцці веларуху. Туды ўваходзіла каля 20 удзельнікаў: прадстаўнікі гарвыканкаму, будаўнічых арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Адным з прыярытэтаў арганізацыі было заніжэнне высокіх бардзюраў і кантроль будучых будоўляў. Сапраўды, новыя раёны сталі будаваць прыязнымі для веласіпедыстаў.

У прэзентаванай у 2022 годзе Схеме азелянённых тэрыторый агульнага карыстання распрацаваныя ў горадзе веламаршруты ўвязалі з азелянёнымі тэрыторыямі. Развіццё велаінфраструктуры закладзена і ў Генплане для Гродна да 2030 года.

Чытайце таксама: