Праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава з Гродна не змагла стаць дэпутаткай у Менскім гарадскім савеце. Яна прайграла ідэолагу спецназа МУС Міхаілу Адамчыку.
Вольга Бондарава балатавалася па Шугаеўскай выбарчай акрузе № 57 у мікрараёне Уручча. У дэпутаты гарадской рады яна вылучалася ад Камуністычнай партыі Беларусі як яе сябра, без збору подпісаў. Акрамя яе і прадказальнага пераможцы па акрузе — беспартыйнага начальніка аддзялення ідэалагічнай працы вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС, ва Уруччы таксама балатавалася намесніца дырэктара гімназіі № 38 па выхаваўчай працы Святлана Пазняк ад партыі «Белая Русь». Абодва канкурэнты Бондаравай вылучаліся на аснове збору подпісаў і ад сваіх працоўных калектываў.
У сваёй перадвыбарнай праграме Бондарава абяцала адстойваць «абарону дзяцей ад навязанай захадам распусты», «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці беларускага народа», захоўваць «ганаровую памяць» аб перамозе ў Вялікай айчыннай вайне, змагацца за «абарону сацыяльных інтарэсаў працоўных» і - на апошнім месцы — рэалізацыю планаў развіцця раёна.




У свае дасягненні за чатыры гады яна запісала рускую мову на дарожных паказальніках і знікненне з іх лацінкі, барацьбу з помнікамі, прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі кніг гісторыкаў Віктара Ляхора і Алега Усачова, фармулёўку «Подпіс бацькоў» замест «Подпіс законных прадстаўнікоў» у школьных дзённіках (законным прадстаўніком дзіцяці, напрыклад, сіраты,
могуць быць не толькі бацькі) і нават замацаванні ў канцэпцыі нацбяспекі фармулёўкі сям'і як саюза мужчыны і жанчыны па нараджэнні.
У графе аб дзейнасці ў спісе кандыдатаў Бондарава фігуравала як студэнтка педуніверсітэта. У сваёй праграме яна пазіцыянавала сябе як адказнага сакратара газеты «Коммунист Беларуси. Мы и время».
Чытайце таксама: