Праўладная і прарасейская актывістка Вольга Бондарава з Гродна вырашыла заняцца палітычнай кар’ерай. Яна балатуецца на выбары ў дэпутаты гарадской рады ад Камуністычнай партыі. Праўда, не ў Гродне, а ў Менску.

Вольга Бондарава балатуецца па Шугаеўскай выбарчай акрузе № 57 у мікрараёне Уручча. У дэпутаты гарадской рады яна вылучаецца ад Камуністычнай партыі Беларусі як яе сябра, без збору подпісаў. У графе пра дзейнасць яна фігуруе як студэнтка педуніверсітэта.

Бондарава балатуецца ў дэпутаты

Скрыншот спісу апублікаваў праўладны прапагандыст і былы палітэмігрант Ілля Бягун. Ён не падтрымлівае дзейнасць Бондаравай і побач са скрыншотам змясціў фота героя аповесці Міхаіла Булгакава «Сабакава сэрца» Шарыкава.

Вольга Бондарава — праўладная актывістка з Гродна, раней судзімая за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Называе сябе «інфаспецназаўкай». Актыўна змагаецца з усімі, хто выступаў супраць рэжыму, а таксама з кнігамі, мастакамі, гістарычнымі асобамі, лацінкай, помнікамі і нават монстрамі. З верасня 2022 — студэнтка педуніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». Некаторыя яе захады асудзілі нават дэпутат Ігар Марзалюк і намесніца кіраўніка гродзенскага абласнога аддзялення партыі «Белая Русь» Святлана Вараніца.Варяница.

Альтэрнатыва для выбаршчыкаў у гэтай акрузе — беспартыйны ідэолаг воінскай часці 3214 (спецназ МУС) Міхаіл Адамчык і намеснік дырэктара гімназіі № 38 па выхаваўчай працы Святлана Пазняк з нядаўна зарэгістраванай партыі «Белая Русь». Абодва яны вылучаюцца на аснове збору подпісаў і ад сваіх працоўных калектываў.

Адзіны дзень галасавання для выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў і ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 25 лютага.

Чытайце таксама: