Гродзенскі гарвыканкам вызначыўся з месцамі, дзе ў Гродне забаронена ладзіць пікеты для збору подпісаў перад выбарамі 2024 года. У спіс патрапілі публічныя месцы Гродна, дзе раней пікеты былі дазволеныя: Савецкая плошча і вуліца, парк Жылібера, сквер на месцы Фары Вітаўта, рынкі і іншыя.

Гаворка ідзе пра збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых саветаў дэпутатаў 29 склікання. Збор подпісаў будзе ісці з 17 снежня 2023 да 15 студзеня 2024 года — на пікетах і праз абыход выбаршчыкаў. Гэта таксама магчымасць пазнаёміцца ​​з біяграфіяй кандыдатаў.

У Гродна пікетаў па зборы подпісаў не будзе:

  • на адлегласці менш за 50 м ад будынкаў выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры;
  • на тэрыторыі чыгуначнага вакзала, аўтавакзала, устаноў аховы здароўя;
  • на адлегласці менш за 30 м ад прыпынкаў грамадскага транспарту;
  • на плошчы Савецкай;
  • на вуліцы Савецкай;
  • у парку Жылібера;
  • у скверы на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай, Замкавай і плошчы Савецкай (на месцы Фары Вітаўта);
  • на тэрыторыі рынкаў і міні-рынкаў.

Вылучаць кандыдатаў маюць права зарэгістраваныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне Беларусі. Рэгістрацыя кандыдатаў будзе ісці з 16 да 30 студзеня ўключна. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага 2024 года.

Дэмсілы прапануюць байкот

Дэмакратычныя сілы Беларусі прапануюць байкатаваць выбары дэпутатаў увогуле.

Святлана Ціханоўская заклікала не ўдзельнічаць у любых мерапрыемствах рэжыму Лукашэнкі. Яна адзначыла, што ні беларусы, ні міжнародная супольнасць вынікі так званых выбараў не прызнаюць. Ініцыятыва «Честные люди» заклікала да актыўнага байкоту — на выбарах галасаваць «супраць усіх».

З-за рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія доўжацца да гэтага часу, немагчыма арганізаваць незалежнае назіранне за выбарамі дэпутатаў.