На рэках Буг, Свіслач і Істачанка, якія працякаюць уздоўж польска-беларускай мяжы, пабудуюць электронны бар’ер. Палякі гатовыя выдаткаваць на гэта больш за 364 млн злотых (больш за $ 91,5 млн). Дамову на будаўніцтва падпісалі польскія памежнікі. Бар’ер распрацавалі такім чынам, каб ахапіць усю мяжу з Беларуссю на памежных рэках.

Пабудаваць бар’ер на рацэ Буг плануюць за 12 месяцаў. Агульная яго даўжыня — 172 км. Кантраляваць перашкоду будуць у Цэнтры назірання польскага Прыбужскага пагранічнага атраду ў Хэлме.

Агароджа будзе складацца з:

  • 200 км сілавых кабеляў і столькі ж кабеляў перадачы;
  • 10 тэлетэхнічных кантэйнераў;
  • 1800 слупоў для камер;
  • каля 4500 дзённа-начных цеплавізійных камер;
  • датчыкі, якія забяспечаваюць выяўленне розных фізічных характарыстык аб’ектаў.

Бар’ер на Свіслачы і Істачанцы будзе мець працягласць 47 км. Яго будзе кантраляваць Падляскае аддзяленне памежнай службы. Яго за 10 месяцаў павінна пабудаваць кампанія з Ольштына. Там усталююць:

  • каля 500 камерных слупоў з 1000 дзённа-начнымі цеплавізійнымі камерамі;
  • спецыяльныя кантэйнеры і датчыкі для выяўлення розных фізічных характарыстык аб’ектаў;
  • пашыраць цэнтр назірання ў штабе Падляскага аддзялення пагранічнай аховы ў Беластоку;
  • створаць тры канчатковыя пазіцыі ў пунктах пагранічнай аховы.

Навошта патрэбны гэты бар’ер

На думку польскіх памежнікаў, электронныя бар’еры дапамогуць выяўляць падзеі, звязаныя з памежнай злачыннасцю. Напрыклад, нэрэгуляваную міграцыю і кантрабанду тавараў. Сістэма дазволіць бесперапынна маніторыць дзяржаўную мяжу, збіраць доказы і прымаць меры па затрыманні парушальнікаў.

Раней Польшча пабудавала плот

Летам 2021 года ўлады Польшчы вырашылі пабудаваць на мяжы з Беларуссю плот. Яго будаўніцтва скончылі летам 2022 года. Яго даўжыня склала больш за 186 км, а вышыня — 2,5 метра.