Новы мікрараён “Вясенні” збудуюць дастаткова далёка ад Каложы, лічаць гродзенскія чыноўнікі. Раней гродзенцы склалі зварот да гарадскіх уладаў супраць будаўніцтва новага раёна на вуліцы Вясенняй – або з абмежаваннем колькасці паверхаў у дамах. Гараджане мяркуюць, што высоткі сапсуюць традыцыйны від на Каложскую царкву, якую рыхтуюць да ўключэння ў спіс ЮНЕСКА.
Афіцыйны адказ на петыцыю мусіць прыйсці да 19 сакавіка. Але начальнік ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Дзяніс Конан ужо выказаўся на гэты конт у разгромнай адносна петыцыі публікацыі “Гродзенскай праўды”. Ад «Вясенняга» да Каложы будзе каля 1,2 км – мікрараён размесціцца “на вельмі прыстойнай адлегласці”, сказаў ён. А месца для будаўніцтва жытла вызначана ў Генплане развіцця Гродна. Чыноўнік падкрэсліў, што сама Каложская царква знаходзіцца ў зоне рэкрэацыі, дзе забаронена ўвогуле штосьці будаваць.
Паводле Конана, у раёне плануюць збудаваць каля 17 дамоў на 2012 кватэр – з разлікам на больш чым 4,5 тыс. чалавек.
Так “Залаты” ці “Вясенні”?
З назвай спрэчнага мікрараёна ніяк не могуць вызначыцца, заўважыў Telegram-канал Urban Hrodna. Адпачатку яго называлі “Вясеннім” – па назве адной з яго асноўных вуліц. Летам 2023, паводле афіцыйных СМІ, для яго абралі іншую назву – “Залаты”. Але назва не прыжылася?
“Так званага мікрараёна “Залаты” не існуе нават на паперы. Бліжэйшая да Каложскай царквы і аднайменнага парку забудова – мікрараён «Вясенні»”, – сказаў зараз Дзяніс Конан.
Петыцыя слушная і няслушная
У верасні 2022 стала вядома, што ў частцы новых высотак вырашылі павялічыць колькасць паверхаў з 15 ажно да 19. Паводле аўтараў петыцыі, высоткі будуць вытыркацца з-за дрэваў Каложскага парку — і сапсуюць від на горад з левага берага Нёмана. У петыцыі было напісана, што раён хочуць збудаваць акурат каля Каложы. Гэта насамрэч не так – паводле праекта паміж імі будзе адлегласць, як і сказаў чыноўнік. Але некаторыя асабліва высокія дамы сапраўды могуць стаць добра бачнымі на панараме горада — і гэта рэальная праблема.

«Я больш чым перакананы, што ўзвядзенне новага квартала на фоне храма XII стагоддзя — аднаго з галоўных кандыдатаў на трапленне ў спіс ЮНЕСКА ад Беларусі — можа негатыўна паўплываць на станоўчае рашэнне камісіі. Па апублікаваных рэндарах складана дакладна ацаніць, наколькі моцна будзе сапсаваная панарама, але відавочна, што 15- і 19-павярховыя дамы ў пару кіламетрах ад Каложы будуць вельмі моцна выбівацца», — цытавала «Наша Ніва» краязнаўцу Мечыслава Супрона.
Яшчэ вясной 2021 СМІ пісалі, што да будаўніцтва могуць прыступіць у тым жа годзе. Але пакуль яшчэ не пачалі знос прыватных дамоў, на месцы якіх хочуць будаваць. “Гроднажылбуд” плануе пачаць будоўлю ў 2024 годзе.
Чытайце таксама: У Гродне каля Альшанкі пабудуюць яшчэ два мікрараёны



