Напярэдадни адзінага дня галасавання смаргонская пракуратура выносіць папярэджанні «нядобранадзейным» асобам. Як мінімум пяць затрыманняў у Гродне і два — у Слоніме — было на тыдні. Завуча з Бярозаўкі, якая працавала ў камісіі на рэферэндуме, звольнілі за «экстрэмізм». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 12 па 18 лютага.
Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Як мінімум 32 судовыя пастановы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Лідзе, Наваградку, Смаргоні, Гродне, Бераставіцы, Шчучыне, Свіслачы. Пастановы — ад 15 базавых (600 рублёў) да 15 дзён арышту.
Фігуранту справы Аўтуховіча хочуць узмацніць рэжым зняволення
У кастрычніку 2022 года Гродзенскі абласны суд прызначыў Паўлу Саве 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 700 базавых велічынь штрафу (22 400 рублёў), паведамляе «Вясна».
Тэрмін палітвязня накіравалі адбываць у аршанскую калонію № 8. 12 лютага, у судзе будзе разглядацца справа аб замене рэжыму ўтрымання і пераводзе Паўла ў іншую папраўчую ўстанову. Яго могуць перавесці на турэмны рэжым.
У Гродне затрымалі супрацоўніка Intexsoft
У Гродне затрымалі сістэмнага адміністратара кампаніі Intexsoft. У жніўні 2020 года ён удзельнічаў у мітынгах. Мужчына распавёў на відэа, што хадзіў туды са сваім знаёмым — яго імя сілавікі схавалі. Таксама айцішнік распавёў, што пакідаў абразлівыя каментары. Сілавікі абяцаюць «зачысціць» кампанію.
У Гродне затрымалі кіроўцу таксі
Мужчына распавёў, што зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і ўдзельнічаў у мітынгах. Таксама ён нібыта распаўсюджваў «забароненыя» матэрыялы ў інтэрнэце і пісаў каментары на адрас міліцыі. Пры затрыманні яго выцягнулі з таксі.
У Слоніме затрымалі назіральніка на выбарах
Затрымалі Крышталя Пятра Анатольевіча. Яго абвінавачваюць паводле арт. 342 КК і арт. 364 КК. Пётр быў назіральнікам на выбарах 2020 года, яго затрымлівалі паводле арт.23.34 КаАП і арт. 19.11 КаАП, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Напярэдадні адзінага дня галасавання смаргонская пракуратура выносіць папярэджанні «нядобранадзейным» асобам
Папярэджанні аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах масава выносяцца пракурорам у Смаргонскім РАУС. Грамадзяне, якіх выклікалі ў міліцыю на 14 лютага, звязваюць гэта з адзіным днём галасавання, які пройдзе ў Беларусі 25 лютага.
У тым ліку яго атрымалі адбывалыя пакаранне паводле «народных» і «экстрэмісцкіх» артыкулаў, паведамляе «Вясна».
У Слоніме праведзены ператрус у кватэры грамадскага актывіста Алеся Масюка
Канфіскаваныя паперы, мужчына затрыманы, паведамляе «Вясна».
13 жыхароў раёна прыцягнулі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
З пачатку года ў Гродзенскім раёне здзейснена 13 правапарушэнняў экстрэмісцкай накіраванасці, распавёў старшы ўчастковы інспектар аддзела ўнутраных спраў Гродзенскага райвыканкама Руслан Бікмаеў. У 2023 годзе іх было 76.
Нярэдка высвятлялася, што людзі забыліся пра падпіску на забароненую групу або суполку. Альбо даўно закінулі адну са сваіх сацыяльных сетак і не падазравалі пра тое, што раней размешчаныя на старонцы пасты цяпер лічацца экстрэмісцкімі, піша Telegram-канал «Право имеют».
Мясцовы фонд рэгіянальнага сацыяльнага развіцця і дапамогі «Пад Белымі Крыламі» ліквідавалі
Справу разглядалі ў Гродзенскім абласным судзе. 4 снежня 2023 года рашэннем праўлення пастаноўлена ліквідаваць фонд у сувязі з дасягненнем ім сваіх статутных мэтаў.
Імі былі аказанне садзейнічання і дапамогі дзецям з рознымі псіхафізічнымі разладамі, дапамога сем’ям, сацыяльнае развіццё Лідскага рэгіёна і Беларусі ў сферы адукацыйнага працэсу.
Новыя экстрэмісты
Нечыпарава Вольга Сяргееўна і Хацяновіч Мікалай Уладзіміравіч з Гродна 16 лютага папоўнілі «спіс экстрэмістаў».
У Дзяніса Івашына пасля суда не было перадач, пасылак і спатканняў
«Былі толькі два спатканні пасля агучвання прысуду і пасля апеляцыі. З бацькамі ён сустракаўся. А пасля ўжо, калі яго перавялі ў калонію і потым у турму, ніякіх спатканняў яму не дазволілі. Бліжэйшае хіба на сакавік ці красавік прызначанае. Я нават і не ведаю. Калі шчыра, яны там могуць у прынцыпе пазбавіць гэтага спаткання на раз-два, таму тут складана штосьці казаць», — расказала «Беларускаму Радыё Рацыя» яго жонка Вольга Івашына.
Дзяніса Івашына этапавалі ў магілёўскую калонію ў студзені 2023 года. Ужо праз паўгода яго перавялі ў турму Жодзіна на строгі рэжым.
Затрымалі трох жыхароў Гродзенскай вобласці
Мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Другі - што быў падпісаны на Telegram-канал «Страна для жизни», дзе пакідаў каментары. Трэці ў 2020 годзе падпісаўся на некалькі каналаў у Telegram.
Без апазіцыі і назіральнікаў, але з узмоцненай аховай. Інструкцыя на выбары-2024 у Беларусі
З 20 лютага ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне на мясцовых і парламенцкіх выбарах. Выбаршчык у Гродзенскай вобласці атрымае адразу некалькі бюлетэняў, а за галасаваннем па відэа будзе сачыць АМАП са штаба. Асноўны дзень выбараў пройдзе 25 лютага — у адзіны дзень галасавання. Рэдакцыя Hrodna.life даведалася, што вядома пра выбары, чым яны будуць адрознівацца ад папярэдніх, хто заклікае ісці на выбары, а хто прапануе іх ігнараваць і якія будуць назіральнікі.
Палітвязняў з Гродна і іх блізкіх судзяць за атрыманне замежнай дапамогі
На 16 лютага вядома пра мінімум чатыры суды над гродзенцамі за атрыманне замежнай дапамогі. Гэта палітвязні на «хіміі» і іх блізкія. Таксама штрафы атрымалі блізкія палітвязняў і аштрафаваныя ў Наваградку і Лідзе.
66-гадовага жыхара Наваградка і бацьку аднаго з палітвязняў асудзілі на штраф 15 базавых (600 рублёў) і абавязалі вярнуць атрыманыя прадуктамі 300 рублёў.
Больш за 10 жыхароў Гродзенскай вобласці адкупіліся за данаты падчас пратэстаў
Як мінімум пра 12 жыхароў Гродзенскай вобласці, якія трапілі ў міліцыю за данаты, распавялі самі сілавікі. Яны ў кратным памеры пакрылі шкоду. Сілавікі сцвярджаюць, што людзі добраахвотна прыйшлі і засталіся на волі. Таксама вядома, што некаторыя крымінальныя справы перадаюць у суд.
Лідскі суд прызнаў экстрэмісцкімі некалькі персанальных акаўнтаў
Суд Лідскага раёна прызнаў экстрэмісцкімі Instagram-акаўнт Юліі Міхно-Тарасевіч і Instagram, яго лагатып і Facebook Вольгі Якубоўскай. Юлія Тарасевіч — беларуска ў Італіі, каардынатар гуманітарных праектаў і экс-мадэль. На фота яна з БЧБ-сцягам. Вольга Якубоўская — прафесійны мастак і ілюстратар, малявала палітвязняў, палітыкаў і іншых беларусаў у вобразе катоў.
Завуча з Бярозаўкі, якая працавала ў камісіі на рэферэндуме, звольнілі за «экстрэмізм»
Завуча па выхаваўчай рабоце СШ № 1 з Бярозоўкі Алу Чуйко звольнілі з працы пасля таго, як асудзілі за падпіскі на дэмакратычныя каналы. Да гэтага яе збіраліся ставіць на працу ў выбарчую камісію на адзіны дзень галасавання.
Каго з гродзенцаў аб’явілі ў вышук у Расіі: шукайце сябе і сяброў у базе МУС
Расійская «Медыязона» выпампавала базу вышуку МУС Расіі і зрабіла зручны пошук па ёй. Беларуская «Медыязона» вылучыла з базы ўсіх грамадзян Беларусі. Іх аказалася 3186 чалавек. Сярод іх ёсць і гродзенцы. Вы можаце самі пашукаць сябе і знаёмых па прозвішчы, імені і імені па бацьку. Гродзенцы распавялі, як адрэагавалі, знайшоўшы сябе ў базе МУС Расіі.
Лідчанін напісаў на майстэрні «Жыве Беларусь!». Яго аштрафавалі
Лідчанін напісаў на будынку ўласнай майстэрні «Жыве Беларусь». Суд палічыў, што гэта пікетаванне без дазволу мясцовага райвыканкама — яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (800 рублёў).
Праўладнай актывістцы Бондаравай пачалі адмаўляць у аблвыканкамах
Праўладнай актывістцы Вользе Бондаравай адмовілі на яе просьбу рабіць аб’явы ў аўтобусах і тралейбусах на рускай мове. Такое рашэнне прынялі у Мінсктрансе, Гомельскім, Брэсцкім, Віцебскім і Гродзенскім аблвыканкамах. Пра гэта жанчына напісала ў сваім Telegram-канале і палічыла, што гэта «ліквідацыя дзяржаўнай рускай мовы».
Намеснік пракурора Гродзеншчыны даў параду, як не патрапіць на суткі за «экстрэмізм»
Колькасць заведзеных за «экстрэмізм» крымінальных спраў у Гродзенскай вобласці зніжаецца. Але намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат усё роўна раіць выдаліць «сумнеўную інфармацыю» са сваіх сацыяльных сетак за апошнія пяць гадоў. І запэўнівае, што сілавікам галоўнае не пакараць людзей, а папярэдзіць.
Святары агітуюць за выбары: пакуль толькі з Гродзенскай вобласці
Святары актыўна ўдзельнічаюць у прапагандысцкай агітацыйнай кампаніі за ўдзел у выбарах у адзіны дзень галасавання. Пераважна гэта праваслаўныя святары, але ёсць і каталіцкі. Пакуль гэта адбываецца толькі ў Гродзенскай вобласці.