Двух лідчанак судзілі за атрыманне замежнай дапамогі па ч.2 арт. 24.15 КаАП. Верагодна, імі зацікавіліся пасля рэйду па сваяках палітвязняў. «Вясна» тады сцвярджала, што гэты артыкул у Беларусі раней не ўжываўся.

26 студзеня ў судзе Лідскага раёна судзілі маці дваіх малалетніх дзяцей у дэкрэце. Суд вырашыў, што яна атрымала «замежную бязвыплатную дапамогу ад экстрэмісцкага фарміравання „INeedHelpBY“». А менавіта — «таварна-матэрыяльныя каштоўнасці» на агульную суму 18 143,88 рублёў. Іх яна набыла ў інтэрнэт-краме «Еўраопт». Фактычна, яе судзілі за прадукты з магазіна.

Гэтую дапамогу жанчына нібыта выкарыстала для кампенсацыі прысуду мужу, якога асудзілі да пазбаўлення волі за пагрозу міліцыянту і абразу прадстаўніка ўлады. Што з’яўлялася парушэннем п. 2 абз. 2 дэкрэта ад 25.05.2020 № 3 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» (у рэдакцыі дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2021 № 7).

Жанчыну аштрафавалі на 25 базавых велічынь (1000 рублёў) са спагнаннем ва ўласнасць дзяржавы 18 143 рублёў 88 капеек ($ 5 625). На выплату ёсць месяц.

У той жа дзень у судзе Лідскага раёна судзілі беспрацоўную маці малалетняга. Прычынай сталі тыя ж «матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці» ад «INeedHelpBY» на суму 5241,28 рублёў з «Еўраопта». Гэта яна нібыта атрымала як кампенсацыю штрафу паводле арт.19.11 КаАП. Яе таксама аштрафавалі на 25 базавых велічынь са спагнаннем 5241,28 рублёў.

23 студзеня сілавікі прыходзілі да сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў. У той жа дзень ініцыятыву «INeedelpBY» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Паведамлялася, што ў КДБ ёсць інфармацыя з «Еўраопта» аб прадуктовых кошыках, якія закупляліся ў рамках праекта. У Гродне затрымалі шэсць чалавек. Як мінімум 224 чалавекі трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў, паведамляе «Вясна».