Гродзенка пераканалася, што на яе заведзеная крымінальная справа, калі знайшла сябе ў расійскай базе МУС. Хтосьці здзівіўся, выявіўшы сябе там, але для большасці палітэмігрантаў гэта не стала навіной. Hrodna.life спытаў у іх, як яны адрэагавалі і якія меры бяспекі збіраюцца прыняць.

Аўтарскае напісанне, уключаючы пунктуацыю, захоўваецца ва ўсіх цытатах.

Таццяна Кулевіч, айцішніца

Я была здзіўленая, я хутчэй чакала там іншых знаёмых убачыць, якіх там не аказалася. Гэта 100% сведчанне аб крыміналцы, у студзені блізкіх людзей выклікалі на допыты і сказалі, што ў мяне абмежаванні на выезд з Беларусі. Ужо тады стала зразумела, што ёсць нейкая справа на мяне. Цяпер я ўжо ў гэтым не сумняваюся, спраўка, аказваецца, крымінальная.)) Цяпер мне гэта ніяк не перашкаджае. Адзінае, што цяпер больш уважліва буду выбіраць краіны для падарожжаў, каб не быць як Бі-2.

Таццяна Кулевіч з мужам Русланам. Фота з архіва Таццяны
Таццяна Кулевіч з мужам Русланам. Фота з архіва Таццяны

Ігар Банцар, музыка, былы палітвязень

Мне сёння некалькі знаёмых інфу гэтую скінулі. Мая рэакцыя? «Ой, баюся, баюся!» А калі сур’ёзна, дык для мяне гэта як медаль ад роднай дзяржавы — сведчанне таго, што я адно так надакучыў уладам, што ўнеслі мяне, як і іншых тры тысячы чалавек, адно ў расейскую базу, каб я раптам не заехаў у Беларусь праз РФ.

Але, як я сказаў у інтэрвью на БЕЛСАТ, калі захачу вярнуцца — дык з «танцамі-пляскамі» паеду наўпрост у родны край, а не нейкімі навакольнымі патаемнымі сцежкамі пра Расею. І ўвогуле, хутка ўніфікуюць базы экстрэмістаў-тэрарыстаў РБ і РФ, дык колькасць людзей у расейскіх базах вышуку значна павялічыцца. Сумна гэта і несправядлівасць, але чаго чакаць ад сённяшняга рэжыму Лукашэнкі? Толькі такіх вось падлянак. Нават не хачу думаць, што яны могуць прыдумаць, каб зрабіць жыццё палітычнай апазіцыі шчэ больш цяжкім.

Ігар Банцар у праекце "Мы вернемся". Скрыншот Hrodna.life
Ігар Банцэр у праекце «Мы вернемся». Скрыншот Hrodna.life

Вольга Вялічка, гродзенка

Я зараз больш думаю пра тое, ці завяжуцца на маёй градцы завязі памідораў. Я жыву сваім жыццём. А тое, што дзве недэмакратычныя дзяржавы сёння імкнуцца падтрымаць адна адну — дык гэта нармальна ў іх паралелях. І вельмі цешыць тое, што законы матэматыкі і фізікі працуюць. Нашы паралелі ніколі не перасякуцца.

Для мяне гэта проста пра тое, што трэба хоць дзе паказваць тую інтэграцыю з Расіяй, пра якую мы год дваццаць ужо чуем. Ну аб’ядноўваюць яны базы. І я не разумею шум, які зараз ствараецца. Галоўнае, каб войскі зараз не аб’ядноўвалі. А ўсю астатнюю працу дзеля працы могуць рабіць. Гэта іх выбар як жыць гэтае жыццё.

Ольга Величко

Вадзім Саранчукоў, палітык, в. а. старшыні партыі БНФ

«Не ўяўляю, якія прэтэнзіі да мяне з боку расіі (з маленькай піша Вадзім — Hrodna.life). Не тое, каб гэта стала навіной, але відавочна, што ў гэтага спісу палітычная матывацыя. Расія, як і Беларусь, фактычна выкрэслілі сябе з сусветнага прававога поля, таму нейкіх наступстваў я не прагназую».

Вадзім Саранчукоў падчас інтэрв'ю. Скрыншот з відэа
Вадзім Саранчукоў падчас інтэрв'ю. Скрыншот з відэа

Юрый Дзяшук, журналіст з Бярозаўкі

Я не магу сказаць, што маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля» гэтага спісу. Для меня гэта нічым новым не стала, не стала адкрыццём. Тое, што я быў і ёсць у Беларусі ў розшуку — я ведаю больш за год. Тое, што мяне ўнеслі ў расейскую базу — проста тэхнічна. Ніякага здзіўлення ў мяне гэта не выклікала. Калі я ўбачыў, што базу выклалі, я быў на 99,99% упэўнены, што я там ёсць. Для мяне было б большым здзіўленнем, калі б я сябе там не знайшоў.

Я ведаю, за якую крыміналку я ёсць у гэтай базе. Гэта за маю прысутнасць на агалошванні судовага выраку майму сябру Вітольду Ашурку. За тое, што я прыйшоў падтрымаць сябра і выконваў свой прафесійны абавязак. Цалкам сфабрыкаваная крымінальная справа, якая гэтым часам ужо закончылася б судом і выракам.

Юрый Дзяшук адразу пасля выезду з Беларусі. Фота: героя
Юрый Дзяшук адразу пасля выезду з Беларусі. Фота: героя

Чым гэта можа мне пагражаць? Да нічым не можа пагражаць. Што ў Беларусі ў розшуку, што ў Расіі. Тым больш, што ў Расіі пры жаданні «згубіцца» і пражыць усё жыццё, будучы ў розшуку — на раз-два-тры.

Дадатковыя меры бяспекі - не. Я ў бяспечнай краіне знаходжуся. Маскалі зрабілі вялікую справу, ласку: тым, хто яшчэ не падаўся на міжнародную абарону і ёсць у гэтым спісе — вельмі вескі доказ, што табе патрэба міжнародная абарона. Яны тым самым спрасцілі справу як беларусам, якія знаходзяцца ў розшуку, там і людзям, якія думаюць, даваць яе ці не даваць. І не толькі беларусам.

У пуцінскую Расію я не збіраюся ехаць. А калі яна будзе не пуцінская, то натуральна, што ў мяне ў гэтай базе не будзе. Знаходжанне ў гэтай базе лічу за гонар. Няхай тыя, каго ў гэтай базе няма, зайздросцяць тым, хто там ёсць. Такі своеасаблівы знак якасці. І значыць, што «наше дело правое и мы победим».