На 16 лютага вядома пра мінімум чатыры суды над гродзенцамі за атрыманне замежнай дапамогі. Гэта палітвязні на “хіміі” і іх блізкія. Таксама штрафы атрымалі блізкія палітвязняў і аштрафаваныя ў Наваградку і Лідзе.

16 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна судзяць трох жыхароў. У якасці артыкула КаАП стаіць «Дэкрэт № 7 – Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2021 № 7». Менавіта ён рэгулюе атрыманне замежнай дапамогі. Раней затрыманых за замежную дапамогу судзілі паводле арт. 24.15 ч.2 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе».

Судзяць Сяргея Маланчука – жыхара Гродна, асуджанага на два гады “хіміі” па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады. Ён адбывае пакаранне ў ПУАТ-46. Суддзя – Максім Галубовіч.

Сяргей Маланчук.
Сяргей Маланчук. Фота: “Вясна”

Таксама судзяць Таццяну Цяраневіч. Магчыма, гэта сваячка Уладзіміра Цярэневіча, намеснік старшыні прафсаюза “Гродна Азот”, які атрымаў 12 гадоў калоніі. Суддзя – Уладзімір Пазняк.

Уладзімір Цераневіч у судзе
Уладзімір Цераневіч у судзе. Скрыншот Hrodna.life

Той жа суддзя судзіць Голуба Аляксандра Веніямінавіча.

15 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна судзілі Яўгена Асіпчыка. Гэта палітвязень, якога асудзілі за мітынгі на тры гады “хіміі”. У канцы лютага 2023 года яго перавялі ў гродзенскую ПУАТ № 24. Суддзя – Алена Тоўсцік-Самойла.

Яўген Асіпчык.
Яўген Асіпчык. Фота: “Вясна”

Рэйды па палітвязнях і іх блізкім правялі 23 студзеня. Паведамлялася, што КДБ валодае інфармацыяй з “Еўраопта” аб прадуктовых кошыках, якія закупляліся ў рамках праекта “INeedHelpBY”, які прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. У Гродне паведамлялі пра затрыманне шасці чалавек. Фігурантам падобных спраў у вобласці далі штрафы і пастанавілі вярнуць грошы, атрыманыя з-за мяжы. Напрыклад, лідчанцы ў дэкрэце і жонцы палітвязня трэба будзе аддаць дзяржаве $5,6 тыс.