Уладзімір Каранік запісаў відэавіншаванне з Новым годам, але чамусьці на пачатку лютага. Справа ў тым, што запісваў ён яго для кітайцаў, якія сёлета пачынаюць адзначаць свой традыцыйны Новы год (інакш Свята вясны) 10 лютага.
З кожным словам Караніка ўсё больш уважліва слухала запрошаная ў студыю ігуана Ася з гродзенскага заапарка. Чыноўнік назваў яе жывым сімвалам года зялёнага драўлянага дракона (гэта сімвал 2024 года па ўсходнім календары).
«Гэта разумная, незалежная, добрая і ўважлівая жывёла, упэўненая ў сабе, спакойная, пільная і хуткая», — нахвальваў Каранік ігуану Асю. Праўда, пасля гэтай пахвалы Ася крыху засумавала.
Уладзімір Каранік выказаў надзею, што новы год па месячным календары стане годам «пашырэння стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем», прынясе ўзаемавыгадныя праекты на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях.
Выступленне Караніка суправаджалася субтытрамі на кітайскай. А ў канцы ён нават сказаў адну фразу на гэтай мове.
Цяпер па ўсходнім календары надыходзіць 4721 год. Кітайцы будуць святкаваць яго надыход з 10 па 24 лютага. Гэта свята месяцовага календара, таму кожны год яго даты ў грыгарыянскім календары мяняюцца.
Кітайцы пакінулі ў Гродне няўдалы праект
Гродзенскія ўлады звязвалі вялікія надзеі на адраджэнне гатэля «Гродна» з кітайскім інвестарам. Ён выкупіў 16-павярховы будынак у 2016 годзе, але да 2020 года рэканструкцыю прыпынілі. У 2024-м стала зразумела, што грошай у кітайскіх уладальнікаў няма. Рэканструкцыю гасцініцы будуць завяршаць у рамках інвестыцыйнай праектаў па праграме «Беларусь гасцінная».
Яшчэ адзін кітайскі інвестар наведваўся ў 2023 годзе ў Свіслацкі раён. Там ён прыглядаў пляцоўку для адкрыцця майнінг-фермы.