Замест «Добры дзень» кітайцы пытаюцца «Ці ты пад’еў?», замест кавы на сняданак п’юць соевае малако, а суму, падораную на вяселле, запішуць у спецыяльную кнігу. Настасся з Гродна жыве ў Кітаі ўжо сем гадоў. Яна расказала Hrodna.life, ці можна выжыць іншаземцу без ведання кітайскай мовы, як доўга трэба яе вучыць і чым адрозніваецца кітайскі менталітэт.

Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.

Наста пераехала ў Кітай пасля ўніверсітэта: «Мяне паклікаў сюды брат. Да таго часу ён тут жыў ужо чатыры гады. Сказаў, што тут перспектыўна — прыязджай».

Калі Наста прыехала, брат дапамог ёй з першай працай. Гэта была імпартна-экспартная кампанія, якая прадавала цяжкае абсталяванне ў краіны СНД. Насце гэта не вельмі падабалася, таму яна пачала шукаць новую працу сама. Працавала настаўніцай англійскай і падзарабляла мадэллю.

Жыве Настасся ў правінцыі Цзянсу, побач з Шанхаем. «Гэта вельмі развітая, багатая правінцыя, дзе вельмі хутка ўсё будуецца, развіваецца, ёсць шмат магчымасцей, — гаворыць дзяўчына. — Я пераехала сюды, выйшла замуж за кітайца, праз некалькі гадоў у нас нарадзілася дзіця. Пасля пачалася пандэмія і мы тут затрымаліся на тры гады бязвыязна».

«Жыць замежніку няпроста, хаця б таму, што ты моцна адрозніваешся ад іх. Цябе відаць няўзброеным вокам, асабліва, калі жывеш у невялікім горадзе. У Шанхаі, Пекіне, Гуанчжоў, Шэньчжэнь на замежнікаў ужо не звяртаюць увагі. Можна ехаць на байку ў шлеме з таніраваным шклом — і ўсё роўна на цябе будуць тыкаць пальцам і казаць „замежніца“. Але я ўжо прывыкла. Спачатку крыху раздражняла, зараз нармальна. Хаця самі кітайцы нічога дрэннага не маюць на ўвазе. Наадварот, у большасці сваёй яны захапляюцца, што замежнікі такія прыгожыя, белыя, вочы светлыя, нос высокі. І ўвогуле, яны зайздросцяць, што мы размаўляем на іншай для іх мове».

Мова: колькі не вучы, ніколі ведаць не будзеш

«Кітай не для замежнікаў. Нават калі ты ведаеш англійскую мову, то яе не ведаюць яны. Усё, што яны могуць крыкнуць табе — „Hello“. І ўсё», — распавяла гродзенка.

У Кітай Настасся прыехала без ведання мовы. Доўгі час вывучала кітайскую самастойна. Па падручніках завучвала іерогліфы: як правільна чытаюцца і як распазнаваць іх у гаворцы. Падчас пандэміі вучылася анлайн на моўных курсах у кітайскім універсітэце. А пасля зняцця каранціна Наста стала падзарабляць перакладчыцай і займацца бізнесам у сферы продажаў.

«Вывучаць кітайскую складана і доўга. Мне здаецца, колькі яе не вывучай, ты ніколі яе ведаць не будзеш. Хаця, здаецца, што тут складанага? Вывучы 3000 іерогліфаў і ўсё. Але насамрэч тут шмат дыялектаў і рознае вымаўленне. Гэта як калі б я размаўляла на расійскай мове, а мой суразмоўца на балгарскай», — патлумачыла Наста.

Брэнд "Мова вольных" выпусціў слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай “Мова вольных вандруе па свеце”

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.

Дзяўчына гаворыць, што самі кітайцы адзін аднаго не разумеюць. Калі свякруха прыехала да іх у госці з правінцыі Хэнань у правінцыю Цзянсу, то сказала, што не разумее мясцовага дыялекту.

«Атрымліваецца цікавая сітуацыя. Ва ўніверсітэце нас вучаць размаўляць правільна, а ў жыцці кітайцы самі гавораць няправільна. У рэальным жыцці няма завучаных фраз, як паводле падручніка. Ніхто не гаворыць правільна пабудаванымі сказамі», — сказала Анастасія.

Часам яна ў мужа пытаецца: «Ці можна так сказаць, гэта будзе правільна?» І ўсе тры варыянты, што Наста прапануе, муж называе правільнымі. А ва ўніверсітэце выкладчыкі, калі правяраюць хатняе заданне, гавораць, што трэба па-іншаму.

«Калі нехта хоча вывучыць кітайскую мову, лепш ехаць у сам Кітай. Вучыцца ва ўніверсітэце гады чатыры і актыўна размаўляць з кітайцамі. Практыка — гэта найлепшы падручнік», — лічыць Наста.

Фразы, якія карысна ведаць на кітайскай

多少钱?[duo shao qian?] - Колькі гэта каштуе?
听不懂 [ting bu dong] - Я не разумею
卫生间在哪里?[weishengjian zai nali?] - Дзе прыбіральня?

Менталітэт: важная паслуга ў адказ

«Кітай вельмі адрозніваецца ад іншых краін, як іншы сусвет, у людзей абсалютна іншы менталітэт і стыль жыцця. Каб тут жыць, трэба прыняць іх стыль жыцця і асімілявацца», — гаворыць Наста.

Адна з асаблівасцяў - прывітанне. Замест «Добры дзень» і «Як справы?» яны кажуць: «Ты паеў?» або «Ты кудысьці ідзеш?». Хаця ім гэта абсалютна не цікава.

Адрозненне менталітэтаў стварае мноства складанасцяў: у вядзенні бізнесу і не толькі.

Кітайцы заўсёды чакаюць паслугу ў адказ, запэўнівае Анастасія. Напрыклад, калі запрашаюць у рэстаран і плацяць за цябе, наступны раз аплаціць павінен ты. «Калі рэстаран наступным разам не намячаецца, то ён будзе думаць, што ты яму ўсё роўна трошачкі павінен», — патлумачыла Анастасія.

Горад Чанчжоў у Кітаі
Горад Чанчжоў. Фота з архіву Насты

На кітайскіх вяселлях прынята дарыць грошы ў чырвоных канвертах, іх колькасць залежыць ад ступені сваяцтва і сяброўства. І трэба быць гатовым, што колькасць грошай, якую ты падарыш, зафіксуюць у спецыяльнай кнізе. Яе, як правіла, вядзе маці жаніха. «Гэта робіцца, каб наступным разам, калі гэты чалавек пакліча цябе на вяселле, ты прынёс такую ​​ж суму, ні больш ні менш».

Таксама дзяўчына не можа прывыкнуць да мясцовага «этыкету». «Калі ты чмякаеш падчас ежы, значыць, табе смачна, калі не чмякаеш, значыць, не», — патлумачыла Насця.

Здароўе: гарачая вада лечыць усе хваробы

Настасся прызналася, што ніколі не прывыкне, што ў Кітаі літаральна ўсё лечыцца гарачай вадой. Для кітайцаў «пі больш вады» — гэта асноўныя лекі і павінна дапамагаць у ста працэнтах выпадкаў. Па словах гродзенкі, у іх ёсць дзве крайнасці: абсалютна ўсё лечыцца гарачай вадой або пры звычайнай прастудзе прапісваюць антыбіётыкі.

Шкодным для здароўя кітайцы лічаць кандыцыянер. Хоць ён і ўсталяваны ў кожным пакоі, але ім не карыстаюцца. Таксама нельга піць і есці халоднае, асабліва жанчынам, нават калі на вуліцы спякота +40. «Яны вераць, што гэта неяк абараняе жанчын ад „жаночых хвароб“».

Наста расказала, што ў Кітаі ёсць паняцце «yuezi». Гэта значыць, што жанчына першы месяц пасля родаў павінна ляжаць, нічога не рабіць і аднаўляць сваё здароўе. «У Кітаі жанчына першы месяц — гэта каралева, яе павінны даглядаць», — кажа дзяўчына.

Даглядаць маладую маму можа свякроў ці спецыяльна навучаная нянечка, якая цэлы месяц жыве ў цябе дома і клапоціцца пра цябе і дзіця.

Шанхай, бераг мора
Санья, бераг мора. Фота з архіву Насты

У Кітаі існуюць цэнтры «yuezi». Не заязджаючы дадому, разам з дзіцём можна адразу ехаць у такі цэнтр на месяц. «Там вучаць, як правільна карміць, спавіваць. Даюць спецыяльнае меню, робяць масажы. Карацей, СПА паслугі сумешчаныя з паслугамі няні. Нянечкі і цэнтры вельмі дарагія», — кажа Наста.

«У Кітаі яшчэ надзіва актыўныя бабулі і дзядулі. Раніцай яны збіраюцца разам на якой-небудзь плошчы або ў парку і займаюцца кітайскай дыхальнай гімнастыкай. А вечарамі збіраецца каля 50 чалавек на тых жа плошчах і танчаць. Ля аднаго гандлёвага цэнтру можа быць некалькі кропак з рознымі танцамі».

Падарожжы: будзеш проста стаяць у натоўпе кітайцаў і нічога не ўбачыш

«Ідэальны час для наведвання Кітая — гэта красавік-травень ці восень. Гэта для месцаў, якія побач з Шанхаем. Усё залежыць ад клімату той мясцовасці, куды збіраецеся ляцець», — мяркуе Наста.

У Кітай лепш не ехаць у першы тыдзень кастрычніка і падчас кітайскага Новага года — у канцы студзеня-лютым. Дата Новага года ў Кітаі залежыць ад месячнага календара. У 2024 годзе яго будуць адзначаць 10 лютага.

«У кітайцаў у прынцыпе няма адпачынку. У іх гадавы водпуск, дзён пяць на год. Калі пашанцуе, то 10 — залежыць ад кампаніі, у якой працуеш. І ўся краіна адпачывае ў адзін і той жа час, гэта падчас нацыянальных святаў».

каляндар Мова вольных на 2024 год - тут ёсць словы на розных мовах, нават на кітайскай

Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.

Гродзенка расказала, што ў гэты час кітайцы вяртаюцца ў свае родныя дамы, да бацькоў. Так што ўсе білеты раскупляюцца хутка, на самалёты і гатэлі ўзнімаюцца кошты.

«Нават калі ты здолеў патрапіць у які-небудзь прыгожы горад падчас гэтых святаў, то можна нічога абсалютна не ўбачыць, таму што ты будзеш проста стаяць у натоўпе кітайцаў», — кажа Наста.

У Кітаі шмат славутасцяў. Ёсць горы, пляжны адпачынак, сучасныя мегаполісы і старыя гарады. «Наведаць усе прыгожыя мясціны ў Кітаі проста нерэальна, падарожнікам трэба зразумець для пачатку, на што менавіта яны нацэлены — на культурныя славутасці ці прыродныя. І з гэтага зыходзіць, у які пункт ляцець».

У Кітаі ёсць горы, пляжы, прырода і старажытныя гарады - усё, што цікава турысту
Ліцзян, правінцыя Юньнань. Фота: Tahmin Zaman, unsplash.com

Сама Анастасія аддае перавагу пляжнаму адпачынку. Адзін з яе любімых гарадоў - Санья. «Я не люблю там нідзе ездзіць, люблю прыляцець у добры гатэль з басейнам, каля мора, і атрымліваць асалоду ад лянівага адпачынку. Яшчэ люблю правінцыю Чжэцзян, там, дзе вядомы Ханчжоу, там шмат прыгожых месцаў, якія трэба наведаць. Альбо Пекін — гэта гісторыя».

Чытайце таксама: Як беларусу жывецца ў Партугаліі, дзе 300 дзён у год свеціць сонца

Ежа: соевае малако і суп з локшынай на сняданак

«Кітайцы ўстаюць, як правіла, з узыходам сонца, а 5-й раніцы і ідуць у краму ці на рынак купляць прадукты, якія будуць гатаваць сёння. Яны не гатуюць ежу на некалькі дзён наперад».

На сняданак кітайцы п’юць гарачую ваду або соевае малако. З ежы можа быць вадкая рысавая каша або супчык з локшынай.

«У розных правінцыях па-рознаму. Паўночнікі любяць больш мучное, яны ядуць розныя аладкі, могуць есці баоцзы, гэта такія булачкі на пары з мясам, могуць быць і з іншымі салёнымі начыннямі, — распавяла Наста. — Я да такіх сняданкаў не магу прывыкнуць. Для мяне ляпёшкі занадта тлустыя, а раніцай я не магу есці мяса. Соевае малако даволі смачнае, але я хачу піць каву па раніцах».

Таму гродзенку ўзрадавала, што за апошнія сем гадоў у Кітаі з’явілася шмат розных сеткавых кавярань са смачнай кавай. Раней былі толькі Starbucks і Costa Coffee.

«Смярдзючы тофу», смажаныя шаўкапрады і курыныя лапкі: топ дзіўнай ежы ў Кітаі

Самы топ дзіўнай ежы, на думку Насты, гэта курыныя лапкі.

«Яны бываюць вострыя і не. Звычайна ўсе замежнікі асцерагаюцца гэтага, але калі яны ўсё ж такі рызыкнулі паспрабаваць ці выпадкова замовілі, то для іх гэта цікавы досвед, — кажа дзяўчына. — Яшчэ адна агідная ежа, на маю думку, гэта кітайскія месяцовыя пернікі, якія рыхтуюць да свята сярэдзіны восені. Яны не зусім падобныя да пернікаў, а хутчэй да пясочнага печыва, надзвычай салодкага».

Традыцыйныя кітайскія месяцовыя пернікі - асаблівы від печыва, які гатуюць да свята сярэдзіны восені. Фота: iStock
Традыцыйныя кітайскія месяцовыя пернікі - асаблівы від печыва, які гатуюць да свята сярэдзіны восені. Фота: iStock

Адно з самых папулярных начынняў пернікаў - гэта чырвоныя бабы: «Я зусім не ўяўляю, як чырвоныя бабы можна аднесці да салодкага. Але яны іх дадаюць нават у торт».

Яшчэ да топу дзіўнай ежы Наста адносіць адну страву з вулічнай кітайскай ежы — называецца «смярдзючы тофу», гэта даслоўны пераклад. «Калі шчыра, я яго не спрабавала, але ён так моцна смярдзіць, што я баюся да гэтага ларка падыходзіць нават блізка».

Да закусак адносяцца смажаныя шаўкапрады. Іх дзяўчына таксама не спрабавала, таму што не хоча есці насякомых, хоць з выгляду выглядаюць хрусткімі.

«Не звыкну я ніколі да таго, што калі пытаюся, ці вострая гэтая аладка, мне адказваюць, што не, я яе купляю — а яе ў рот немагчыма ўзяць, з яе перац тырчыць».

«У прынцыпе, без кітайскай ежы я магу абысціся, за столькі гадоў яна мне вельмі моцна надакучыла і не дастаўляе ніякага задавальнення. Але турыстам будзе ўсё ў навінку і цікава», — гаворыць Анастасія.

Што падабаецца і не падабаецца ў Кітаі

«Мне падабаецца, што мне робяць кампліменты. Самыя прыемныя кампліменты робяць дзеці. Яны робяць такія вялізныя вочы, глядзяць на цябе і кажуць: «Ты такая прыгожая». Гэта вельмі прыемна.

Падабаецца, што Кітай вельмі хуткі, сучасны. Усё, што хочаш, можна купіць анлайн, дастаўка вельмі хуткая і танная. Падабаецца, што тут шмат гандлёвых цэнтраў, забаў. Шмат смачнай ежы.

Тут мегаполісы, будуюцца самыя высокія хмарачосы, тут хуткасныя цягнікі, усё вельмі сучасна і камфортна, электронныя грошы, абсалютна ўсюды мабільныя прыкладанні, QR-коды. Галоўнае ўмець гэтым карыстацца.

Я не ўмею кіраваць машынай, але ў мяне ёсць свой сродак перасоўвання — электрабайк, скутар, яму ўжо пяць гадоў, ён старэнькі. Падабаецца, што я магу паехаць, куды захачу, і не трэба ехаць на грамадскім транспарце.

У Кітаі шмат цікавага для турыстаў з Беларусі: прырода, пляжы, гістарычныя мясціны, архітэктура
Горад Чанчжоў. Фота з архіву Насты

Кітай вельмі прыгожы. Шмат славутасцяў на любы густ. У прынцыпе, можна нават не выязджаць з Кітая, каб убачыць усё, нават Эйфелеву вежу. Яе можна ўбачыць у парку мініяцюр, а тут іх некалькі. Таму і атрымліваецца, што вельмі шмат кітайцаў не выязджалі з Кітая.

У той самы час Кітай вельмі брудны. Калі ад’ехаць крыху ад славутасці, зайсці на звычайную вуліцу, будзе ляжаць груда смецця.

Кітай вельмі шумны. Кітайцаў шмат, размаўляць яны любяць, гавораць гучна, асабліва бабулі.

Кітай не прызначаны для замежнікаў. Калі хочаш карыстацца ўсімі дабротамі сучаснага Кітая, то ты гэтага зрабіць не зможаш, бо няма банкаўскай карты. Карту адкрыць — гэта вялізная праблема. Звычайна патрабуюць працоўную візу, па турыстычнай ці бязвізе ніхто не адкрые. Прывязаць яе да ўсіх плацежных кітайскіх сістэм або прывязаць замежную банкаўскую карту — таксама праблема.

Зарэгістравацца ў WeChat — праблема. Трэба запрашэнне ад сябра, які карыстаецца WeChat больш за паўгода і ў якога не было блакіровак.

Кітайцы не жадаюць важдацца з замежнікамі. Проста кажуць «не ведаю» ці «нельга». Прыходзіш з праблемамі, а яны не ведаюць, як цябе аформіць. Таму гавораць, што з замежнікамі не працуюць. «Ваш пашпарт нельга ўвесці ў нашу сістэму, да пабачэння».

Нават гатэлі не ўсё прымаюць замежнікаў. Для замежнікаў - тры зоркі і вышэй, і тое не ўсе.

Быць экспатам у чужой краіне — заўсёды складана. Але калі ёсць падтрымка, ёсць блізкія людзі, дык няма нічога немагчымага".

Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.

Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.

А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!