Авіякампанію “Гродна” рэарганізуюць і далучаюць да “Белавія”. Рашэнне прыняла 31 студзеня 2024 года Міністэрства транспарту і камунікацыі. Адпаведную інфармацыю апублікавалі на Адзіным партале фінансавага рынку.
Навошта спатрэбілася рэарганізацыя авіякампаніі “Гродна”
Згодна з гадавой справаздачай, авіякампанія “Гродна” закрыла 2022 год з чыстай стратай 100 тыс. рублёў. За год да гэтага сітуацыя была лепшай – страты кампаніі складалі ўсяго 91 тыс. рублёў.
Летам 2023 года аўдытары з “Аўдытінфарм” меркавалі, што авіякампанія “Гродна” праз недастатковую ліквіднасць можа мець у будучыні праблемы з плацежаздольнасцю і нават з тым, каб працягнуць дзейнасць.
Паводле выдання Office Life, далучэнне да авіякампаніі “Белавія” выглядае, як антыкрызісная мера, якую рэалізуе Міністэрства транспарта і камунікацыі.
З-за фінансавых праблем распрадавалі самалёты
З-за пазыкаў авіякампанія “Гродна” распрадавала свае самалёты. У 2020 годзе ў кампаніі было 16 самалётаў: Ан-30, Ан-32, тры Ан-12, а таксама 11 самалётаў Ан-2. У 2023 годзе кампанія прадала ў Расію Ан-32, а таксама тры самалёты Ан-2.
Таксама ў кампаніі былі складанасці з атрыманнем пазыкаў. Напрыклад, кампанія “Пскоўавія”, прызнаная банкротам, была вінна гродзенцам 253 тыс. рублёў. Яшчэ “Гродна” былі вінныя грошы некаторыя калгасы.
Гродзенскі самалёт разбіўся ў Расіі
У лістападзе 2021 года грузавы самалёт Ан-12 авіякампаніі «Гродна» разбіўся пад Іркуцкам. Самалёт перавозіў прадукты, на борце было сем чалавек, сярод іх адзін гродзенец.
Катастрофа прынесла не толькі чалавечыя страты і страту тэхнікі. Пасля авіякампанія «Гродна» яшчэ прайграла суд Дарожнай службе Іркуцкай вобласці. Суд прызнаў яе віннай 45,3 тыс. рублёў за дастаўку грузаў і спецтэхнікі да месца крушэння самалёта.
Чым займалася авіякампанія “Гродна”
Адкрытае акцыянернае таварыства «Авіякампанія Гродна» існавала з 1945 года. Раней яна называлася Гродзенскі аб’яднаны авіяатрад. Кампанія займалася перавозкай грузаў, а таксама хімапрацоўкай палёў.
Але ў 2022 годзе асноўным відам дзейнасці, якая прыносіла выручку, было складаванне і захоўванне грузаў і тавараў, звяртае ўвагу Infotrans Media Belarus. Пры гэтым у сярэдзіне 2010-х ва ўладаў была думка стварыць на базе авіякампаніі “Гродна” другую буйную беларускую авіякампанію для канкурэнцыі з “Белавія”. А таксама развіваць аэрапорт Гродна. Гэта меў быць лоўкост. Пры гэтым ужо тады сітуацыя ў авіякампаніі “Гродна” была не найлепшай. У 2013-м кампанія зарабіла чыстымі ўсяго $1500, у 2018-м закрыла год са стратамі $36 000.



