Сяргей Пятрулевіч, які ў жніўні 2023 года вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні, зноў прыехаў у Польшчу. Яго заўважылі ў Беластоку, паведаміў MOST.
Некалькі крыніц выдання паведамілі, што мужчына прыехаў пабачыцца са сваякамі і «да жанчыны», але рашэнне на будучыню (ці вяртацца ў Беларусь) яшчэ не прыняў. У гутарцы з імі Пятрулевіч запэўніваў, што не працуе на беларускія спецслужбы, і засмяяўся на здагадку, што ён з’яўляецца агентам.
Як Сяргей Петрулевіч вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні
Сяргей Пятрулевіч з’ехаў у Беласток восенню 2021 года. Пасля вяртання ў Беларусь ён зняўся ў прапагандысцкім «пакаяным» інтэрв'ю для тэлеканала ОНТ. У ім Пятрулевіч распавядаў пра складанасці жыцця ў Польшчы: там трэба «працаваць вельмі цяжка» і «ты нікому не патрэбны». Па інфармацыі АНТ, ён даведаўся пра крымінальную справу супраць яго ўжо за мяжой. Справу распачалі па двух артыкулах: арт. 369 КК за нібыта абразу супрацоўніка міліцыі і арт. 188 КК за нібыта паклёп у дачыненні да прадстаўніка ўчастковай выбарчай камісіі. У Беларусі ў яго заставаліся жонка, сын-падлетак і маці.
У верасні 2023 г. крымінальныя справы яшчэ не былі закрытыя, Пятрулевіч быў пад падпіскай аб нявыездзе. Невядома, ці была спынена справа і калі так, то калі.