Памежны пункт пропуску «Баброўнікі» (з беларускага боку — «Бераставіца») пакуль адкрываць не плануюць. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

«Зараз у Беларусі адбываюцца найбуйнейшыя рэпрэсіі ў гісторыі гэтага рэжыму. Таму, на жаль, мне вельмі шкада, таму што я таксама хацеў бы, каб нашы прадпрымальнікі маглі весці нармальную дзейнасць, але менавіта Лукашэнка з Пуцінам знаходзяцца ў гібрыднай вайне з Еўропай, а не наадварот», — сказаў Сікорскі.

Таксама ён дадаў, што ў гыбрыднай вайне Лукашэнка і Пуцін выкарыстоўваюць мігрантаў з паўднёвых краін. Спробы нелегальна перасекчы мяжу ў траўні 2024 пачасціліся, а мігранты сталі больш агрэсіўныя. Напрыклад, 28 траўня яны паранілі польскага памежніка нажом.

Прэм’ер-міністр Польшчы абнадзеіў: адкрыцця «Баброўнікаў» чакалі ў бліжэйшы час

У траўні 2024 года, падчас візіту ў Беласток, польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск сказаў, што ў найбліжэйшыя дні можа прыняць рашэнне аб аднаўленні працы пункта пропуску «Баброўнікі». Аднаўлення руху праз мяжу патрабавалі, між іншым, мясцовыя польскія прадпрымальнікі.

Але нават калі б гэта адбылося, то рух маментальна не аднавіўся б. З беларускага боку на пункце пропуску «Бераставіца» зараз адбываецца рамонт, які плануюць скончыць у снежні 2024.

Чытайце таксама: З адкрыццём мяжы могуць быць праблемы: не гатовая «Бераставіца» з беларускага боку

Як даўно зачыненыя «Баброўнікі»

Пункт пропуску «Баброўнікі» закрылі ў лютым 2023 года ў адказ на палітычна матываваны прысуд беларускаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту. Польскія ўлады выразна заяўлялі, што адкрыюць мяжу адразу, як толькі палітвязень будзе вызвалены.

Аднак з цягам часу адкрыць мяжу ўсё гучней пачалі патрабаваць мясцовыя польскія прадпрымальнікі. Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб'яднаны ўсход») заклікала ўлады адкрыць памежныя пераходы, у першую чаргу «Баброўнікі», каб аднавіць паток турыстаў з Беларусі. Паводле падлікаў прадпрымальнікаў, штогод ён прыносіў рэгіянальнаму бізнесу € 124 млн.

Пра тое, што гэты пункт пропуску на мяжы варта адкрыць, у красавіку 2024 г. выказваўся віцэ-спікер польскага Сейма Мацей Жыўна.

Раней, восенню 2021, польскія ўлады закрылі найбліжэйшы да Гродна пункт пропуску «Кузніца». Гэта быў адказ на міграцыйны крызіс, арганізаваны ўладамі Беларусі. Зараз усе бліжэйшыя да Гродна пункты пропуску на межах закрыты: «Кузніца» і «Баброўнікі» на граніцы з Польшчай і «Райгардас» («Прывалка») на граніцы з Літвой. Літоўскі бок дадаткова з 3 чэрвеня зрабіў больш жорсткімі правілы правозу прадуктаў з тэрыторыі Беларусі.