У 2023 годзе пракуратура ўстанавіла, што пад нікнэймам журналіста Руслана Кулевіча ў сацсетках быў размешчаны матэрыял, “які заклікае да аднаўлення пратэстнай дзейнасці” ў Гродзенскай вобласці. Таксама былі элементы, якія “дыскрэдытавалі сілавыя структуры”.
Таму па заяве пракуратуры і рашэнні суда гэтыя рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі і ўнесены ў спіс Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, распавёў намеснік пракурора вобласці Андрэй Скурат.
Асабістыя сацсеткі Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені 2023 года. Таксама ў спіс унеслі старонкі выдання MOST, заснавальнікам і галоўным рэдактарам якога з’яўляецца Кулевіч, і групы ў «ВКонтакте» пад назвай «Новости Гродно/Grodno.news». У траўні 2023 года ўсе праекты Руслана, уключаючы каналы на Youtube, прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Вядома, што гродзенцаў актыўна затрымліваюць за падпіскі на Руслана.
Чытайце таксама:
- У Гродне людзей затрымліваюць за падпіскі на былога журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча
- «Затрымалі на святы». У Гродне працягваюцца затрыманні за падпіску на Instagram Руслана Кулевіча
З 2021 года практычна ўдвая зменшылася колькасць заяў аб прызнанні прадукцыі экстрэмісцкай, распавёў Андрэй Скурат.
Крымінальных спраў за экстрэмізм стала менш
Колькасць крымінальных спраў за экстрэмізм зменшылася больш чым у два разы, распавёў Скурат (не ясна, праўда, пра які перыяд ён казаў). “Злачынствы”, якія цяпер разглядаюцца ў судах, тычацца падзей мінулых гадоў.
Раней стала вядома, што ўсяго ў вобласці са жніўня 2020 года распачалі больш за 2500 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці». Большасць іх зарэгістравана ў Гродне і буйных раённых цэнтрах — Лідзе і Ваўкавыску.
Часцей за ўсё людзей судзяць па арт. 130 КК “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”, арт.342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, арт. 367 і арт. 368 “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і “Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Таксама на дадзены момант выяўляюць “злачынствы”, якія тычацца фінансавання “экстрэмісцкай дзейнасці”. Такім лічаць данаты ў дабрачынныя фонды. Ідзе праца па накіраванні ў суд крымінальных спраў.


