Старонкі гродзенска-беластоцкага журналіста Руслана Кулевіча ў сацыяльных сетках прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне прыняў 23 студзеня 2023 года суд Ленінскага раёна ў Гродне. Абноўлены спіс апублікавала Міністэрства інфармацыі.

Усе старонкі журналіста Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкімі
Руслан Кулевіч. Крыніца: старонка журналіста ў Instagram

Якія старонкі Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкімі:

  • старонка ў «ВКонтакте» пад нікнэймам «Руслан Кулевич»;
  • старонка ў Facebook пад нікнэймам Rasl Kulevich (Rasl);
  • старонка ў «Одноклассники» пад нікнэймам «Руслан Кулевич»;
  • старонка ў Instagram raslkulevich.

Таксама ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі старонкі выдання MOST, заснавальнікам і галоўным рэдактарам якога з’яўляецца Руслан Кулевіч:

  • старонка ў Instagram mostmedia.io;
  • старонка ў Twitter MOST | mostmedia.io;
  • YouTube канал «МЫ ВЕРНЁМСЯ» | Руслан Кулевич | MOST";
  • суполка ў «Одноклассники» пад назвай «MOST — Белосток и Гродно, Польша и Беларусь»;
  • Акаўнт з назвай mostmedia у TikTok;
  • Лагатып MOST.

Яшчэ спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніся суполкай, у якой Руслан Кулевіч з’яўляецца адміністратарам:

  • Cуполка ў «ВКонтакте» пад назвай «Новости Гродно | Grodno.news».

Руслан Кулевіч: «Што зменіцца? Нічога!»

«Амаль 10 год я працаваў над сваёй аўдыторыяй і зрабіў сабе імя на вуліцах Гродна. Так, гэта я той хлопец, які ганяў па горадзе на ровары і шукаў самыя крутыя навіны. Той хлопец якога называлі „Голас вуліц“ і „Самы хуткі журналіст Гродна“. У 2020 годзе я змушаны быў з’ехаць з роднага горада, краіны. Так зрабілі многія журналісты ў мэтах бяспекі. Цяпер я знаходжуся ўсяго ў 80 км ад Гродна і будую MOST дадому», — напісаў Руслан Кулевіч на сваёй старонцы ў Instagram. «Што зменіцца? Нічога! Наша каманда і далей працягне расказваць праўду. Журналіст — не злачынца».

Па іфармацыі Hrodna.life, Руслана Кулевіча запрашалі ў суд Ленінскага раёна Гродна на разгляд справы як зацікаўленую асобу. Але ў выніку разгледзелі яе без яго ўдзелу.

Сайт MOST летась таксама прызналі экстрэмісцкім

У траўні 2022 года прадукцыю сайта MOST Media суд Ленінскага раёна горада Гродна прызнаў экстрэмісцкай.

MOST — каманда беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў польскім Беластоку. Яны распавядаюць пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і Польшчы. Сярод асноўных тэм — навіны Гродна і Беластока, гісторыя, культура і турызм у памежных раёнах. Заснавальнік MOST Media — гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч.

Чытайце таксама: «Мая новая місія — запісваць гісторыі беларусаў, якія з’ехалі». Руслан Кулевіч запускае свой відэапраект