Эканомія для асобнай кватэры склала 30%, а спажыванне цяпла ў цэлага дома ўпала амаль на 10%. У Гродне падвялі вынікі эксперыменту па дыферэнцыраваным уліку ацяплення.

У рамках пілотнага праекта па дыспетчарызацыі прыбораў індывідуальнага ўліку цяпла ў асобна ўзятым доме жыхары змаглі плаціць за ацяпленне толькі сваёй кватэры. Да гэтага тыя, хто спажываў менш цяпла, усё роўна плацілі па сярэднім тарыфе.

Цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі плануе працягваць праект, паведамляе «Гродна Плюс». Цяпер на ўлік узялі больш старыя дамы, уведзеныя ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. У найбліжэйшы час пяць такіх будынкаў падрыхтуюць для эксперыменту. У наступным ацяпляльным перыядзе на раздзельны ўлік збіраюцца перавесці каля 100 дамоў з цеплалічыльнікамі, якія дазваляюць самастойна рэгуляваць цяпло ў кватэрах. Неабходная для гэтага паверка лічыльніка каштуе каля 20 рублёў. Гродзенскі ЦСМ можа даваць растэрміноўку.

Што за эксперымент

Эксперымент па ўліку ацяплення — каб жыхары маглі самі рэгуляваць тэмпературу дома і плаціць толькі за тое, што спажылі, у Гродне пачалі 1 снежня 2023 года. Для яго выбралі шматпавярховік на Курчатава. Каля кожнай кватэры асобна паставілі лічыльнікі, якія працуюць па радыёканале. Жыхары маглі падтрымліваць жаданую тэмпературу ў памяшканні.

Ідэя была ў тым, каб зняць паказанні лічыльнікаў можна на месцы на працягу некалькіх хвілін, а аплата выстаўлялася роўна за тое, што спажылі жыхары. Дадзеныя збіралі раз на суткі, перадавалі на сервер, з дапамогай спецыяльнай праграмы вялі ўлік і архіў паказанняў. Звесткі паступалі ў разлікова-касавы цэнтр, а там кошт разлічвалі, паводле тарыфаў, для кожнай кватэры.

Праект рэалізуе Гарадскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі - менавіта яго нядаўна ўзначаліў былы кіраўнік Гродна Мечыслаў Гой.