Будынак водалячэбніцы ў санаторыі «Жамчужына» па вул. Санаторнай, 26 у Гродне рэканструююць. Там зробяць СПА-комплекс і дададуць саунаў. Фактычна, да існуючага будынка зробяць прыбудову.

Дзяржзакупку праводзіць «Гродна Азот», які валодае санаторыем. На гэта выдаткуюць 4 090 574 рублёў з уласных сродкаў. Работы пачнуць у лютым 2024 года і скончаць у жніўні.

У будынку пераплануюць зала басейна: усталююць там зону СПА і турэцкую і інфрачырвоную сауны. Заменяць перагародкі. У зоне раздзявалак зробяць душавыя, раздзявальні, санітарны вузел для фізічна аслабленых асоб, памяшканне ўборачнага інвентара. Для фізічна аслабленых асоб у СПА-зоне зробяць безбар’ернае асяроддзе — пандусы і тактыльныя пакрыцці са шрыфтам Брайля. Таксама адновяць абліцоўванне, заменяць дзверы і вітраж. На сценках будзе тынкоўка пад «венецыянскую». На падвесныя столі нанясуць водна-дысперсійную акрылавую фарбу. Адрамантуюць падлогі.

Цяпер будынак могуць наведваць 25 чалавек. Пасля рэканструкцыі колькасць складзе 46 чалавек.

Працу санаторыя спыняць не будуць. Адпачывальнікаў і будаўнікоў падзеляць, каб яны не перашкаджалі адзін аднаму.

Чытайце таксама: Басейны ў Гродне: куды можна пайсці паплаваць і колькі гэта каштуе