25 снежня ў царкве Коматава была апошняя служба святара Андрэя Наздрына. Цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы і хутка даведаецца, куды яго накіруюць служыць. Пра гэта Андрэй распавёў у Instagram.

«На жаль, быў вымушаны з’ехаць. Буду маліцца ў Польшчы далей за ўсіх нас і за ўсю Беларусь», — распавёў Андрэй.

Замест яго ў Коматава будзе служыць айцец Уладзімір. Андрэй адзначыў, што ён — добры чалавек, і папрасіў вернікаў падтрымаць яго на першай літургіі.

Пакуль Андрэй ужо тыдзень знаходзіцца ў манастыры святога Дзімітрыя Салунскага ў Саках. «Можа быць, так спадабаецца, што пайду ў манахі, калі матушка пусціць», — усміхнуўся Андрэй. Хутка ён даведаецца пастаяннае месца служэння ў праваслаўным храме ў Польшчы.

«Святар Польскай Праваслаўнай Царквы. Пра праваслаўе ў „гнілой“ Еўропе. Я вярнуся», — напісаў Андрэй у профілі.

У каментарах пішуць, што будуць па ім сумаваць. А некаторыя радуюцца, што зараз ёсць да каго звярнуцца ў Польшчы.

Будзе служыць недалёка ад Беластока

UPD 25 студзеня. Андрэй Ноздрын пачне служыць у Польшчы з 28 студзеня. Ён будзе служыць у храмах пераменнапа нядзелях і на святы. «Магу ўжо паведаміць сваё новае месца служэння — гэта вёска Малешэ і гарадок Браньск (каля 50 км ад Беластока і 150 км ад Варшавы).

Буду як і раней служыць Богу і людзям. Мару, каб гэтыя храмы сталі месцам радасных сустрэч для малітвы і зносін як жыхароў гэтых месцаў, так і ўсіх тых, якія былі вымушаныя апынуцца ў сілу розных прычын на чужыне. З Богам! Прашу вашых малітваў!", — напісаў ён у Instagram.


Андрэй Наздрын — клірык Гродзенскай епархіі БПЦ, былы настаяцель храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне на Альшанцы і царквы ў вёсцы Коматава. Яго пераследуюць з траўня 2022 года — тады міліцыя правяла з ім прафілактычную гутарку, пасля чаго Андрэя знялі з пасады пасля сямі гадоў службы.

У кастрычніку 2023 года святара аштрафавалі на 15 базавых велічынь (555 рублёў) і канфіскавалі яго тэлефон па ч.2 арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На яго зрабілі ананімны данос.